Пажар у шаўрмічнай або петарды. Як тлумачаць выбухі ў Гомельскай вобласці

Людзі прачынаюцца па начах ад гулу ў небе / Shutterstock
— У нас таксама трэсліся дамы, але нам сказалі не турбавацца, — кажуць Еўрарадыё ў Гомелі.
— Дык пішуць жа, што дрон упаў у цэнтры!
— Так, таму нельга гаварыць шмат. Вы самі ўсё ведаеце, — асцярожна дадаюць у Хойніках.
Пасля паведамленняў пра выбухі ў Гомельскай вобласці, а таксама пра падзенне расійскага дрона ў цэнтры Хойнікаў у ноч на дзявятага лютага, журналістка Еўрарадыё ад імя занепакоенай беларускі абтэлефанавала сілавікоў, ратавальнікаў і медыкаў.
Што адбываецца і як тлумачаць шум беларусам, якія прачынаюцца па начах і не разумеюць, чаго ад яго чакаць?
— А можа быць гэта ўжо вайна?..
"Гарэла шаўрмічная. Вось, можа, вы і чулі"
Пра тое, што за шум разбудзіў жыхароў Мазыра ў ноч на дзявятага лютага, у аператыўна-дзяжурнай службе Мазырскага РАУС тлумачыць адмаўляюцца.
Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта такой інфармацыяй таксама нібыта не валодаюць.
Тэлефануем у ваенны камісарыят Гомеля.
— Уначы з суботы на нядзелю прачнуліся ад шуму — быццам бы нешта выбухнула. Дзіця спалохалася, доўга не магло заснуць. Мы вельмі хвалюемся. Што гэта было?
— Усё нармальна... Не ведаю, тут пажар быў каля ваенкамата. Гарэла шаўрмічная, інтэрнэт адкрыйце — пачытайце. Гэта было ў нядзелю вечарам. Вось, можа, вы і чулі.
— Я кажу пра ноч з суботы на нядзелю.
"Можа быць, ваенныя выпрабаванні"
Тэлефануем у Гомельскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
— Не ведаю. Нам ніякіх указанняў не паступала, — кажуць тут. — Мы інфармацыяй не валодаем. Можа быць, ваенныя выпрабаванні нейкія праводзілі. У нас ніякіх надзвычайных здарэнняў не было.
— Сябры кажуць, што і ў Мазыры нешта выбухала. Вось і хочацца зразумець, можа, нам пара да нечага рыхтавацца?
— Калі б трэба было да нечага рыхтавацца, вас бы папярэдзілі. У нас ёсць сістэма апавяшчэння, якая папярэджвае грамадзян аб нейкай надзвычайнай сітуацыі. Калі яна не спрацавала, то турбавацца як бы няма пра што. Па раёнах стаяць вышкі з гучнагаварыцелямі, якія апавяшчаюць жыхароў. Раз нічога не было, значыць альбо да нас не давялі, альбо нічога не адбываецца.
— А гэтую сістэму неяк правяраюць, раптам сапраўды не спрацуе?
— Так, нядаўна вось правяралі на Шведскай горцы. Жыхароў папярэджвалі, каб не хваляваліся — гэта проста праверка гучнагаварыцеляў. Як у іншых раёнах? Ну, напэўна ж, ёсць нейкі план праверак.
— Не страшна працаваць у такія часы ў выратавальнай службе?
— Мы самі знаходзімся ў такім жа няведанні, як і вы. Ну, на Волатаве, напрыклад, ноччу ў суботу таксама трэсліся дамы. Было чуваць гул. Як прыйшлі на працу, нам сказалі не турбавацца, небяспекі ніякай няма. А як там далей... Вайскоўцы павінны больш ведаць. Ратавальнікі ратуюць ужо па факце.
"А раптам вы дыверсант?"
У Гомельскім абласным упраўленні МНС, куды нам параілі патэлефанаваць з раённага аддзела, ні пра якія начныя дроны таксама як быццам не чулі. А наогул, калі што — "ратавальнікі навучаюцца паводзінам у розных надзвычайных сітуацыях".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.