Перад Маршам любові і салідарнасці рэктар БДУ сустрэнецца са студэнтамі
Рэктар БДУ Сяргей Абламейка прызначыў сустрэчу са студэнтамі ўніверсітэта 2 снежня ў 13.30. Сустрэча павінна адбыцца ў 433-й аўдыторыі галоўнага корпуса БДУ.
"Звяртаем увагу, што праход на тэрыторыю БДУ ажыццяўляецца па студэнцкіх білетах і службовым пасведчаннях супрацоўнікаў БДУ", — паведамляецца на сайце БДУ.
У супольнасці #студентыпротив у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" з'явіўся заклік да студэнтаў прыйсці на сустрэчу з рэктарам. "Гэта наша магчымасць выказаць сваю пазіцыю і не прапускаць пары без паважнай прычыны", — гаворыцца ў звароце.
Нагадаем, што студэнты БДУ пратэстуюць супраць увядзення платы за пераздачу іспытаў і залікаў. Аналагічная норма ўведзеная ў іншых ВНУ.
На знак пратэсту студэнты заклікаюць 2 снежня выйсці на Марш любові і салідарнасці.
Фота: tut.by