Перапрацоўкі і прымус да працы: праблемы медыкаў у Беларусі. Даследаванне

Медыкі згаджаюцца на перапрацоўкі праз невысокія заробкі і пад ціскам

Медыкі згаджаюцца на перапрацоўкі праз невысокія заробкі і пад ціскам / Коллаж Влада Рубанова / Еврорадио

Нягледзячы на належныя па законе бонусы, напрыклад, скарочаны працоўны тыдзень, большасць медыкаў маюць велізарныя перапрацоўкі і перагрузкі. Гэта вынікае з даследавання, праведзенага групай незалежных сацыёлагаў пры падтрымцы незалежнага прафсаюза медыкаў "Панацэя" і ByMedSol.

Тэзісна пераказваем галоўнае з гэтага даследавання.

Перапрацоўкі і павышаныя нагрузкі

Згодна з бягучым заканадаўствам у медыцынскіх работнікаў у Беларусі ёсць бонус – права на скарочаны працоўны тыдзень – 38,5 гадзін, аднак на справе ў сярэднім яны працуюць 55 гадзін на тыдзень. Калі параўнаць фактычна адпрацаваны час з часам, які адпавядае стаўцы (каля 43 гадзін), то перавышэнне складае каля 11 гадзін.

Медыкі рэгулярна сутыкаюцца з працай даўжэйшай за 24 гадзіны запар і недастатковымі перапынкамі паміж зменамі, многія працуюць падчас адпачынку без афармлення адклікання.

Кожны медыцынскі супрацоўнік схільны хоць бы адной з практык эксплуатацыі працы (напрыклад, 97% адчуваюць павышаную нагрузку), а большасць – на рэгулярнай аснове (76%). Перапрацоўкі часта спалучаныя з падвышанай нагрузкай.

Большасць медыкаў прымаюць пацыентаў звыш нормы, выдаткоўваюць больш за адведзены часу на візіты, выконваюць сацыяльную працу з "асацыяльнымі" і непрацаздольнымі пацыентамі.

Дыягносты ў сярэднім праводзяць у два разы больш даследаванняў, чым павінны па нормах. У сярэднім 3 гадзіны на дзень медыкі трацяць на запаўненне дакументацыі і большасць рэгулярна робіць гэта ў непрацоўны час.

Переработки и принуждение к труду: проблемы медиков в Беларуси. Исследование
Брыгада хуткай дапамогі / Еўрарадыё

Асаблівасці устаноў

Праблема па-рознаму выяўляецца ў лякарнях і паліклініках. У лякарні больш распаўсюджаныя перапрацоўкі і цяжкі графік. Тады як тыповая сітуацыя ў паліклініцы — гэта перавышэнне нарматыўнага аб'ёму працы, што асабліва характэрна для паліклінік за межамі Мінска. У параўнанні з работнікамі лякарняў і паліклінік, супрацоўнікі НПЦ крыху радзей сутыкаюцца з практыкамі эксплуатацыі працы.

Спосабы прымусу да дадатковай працы

Вылучаецца тры групы фактараў, якія вымушаюць медыцынскіх работнікаў перапрацоўваць і несці дадатковую нагрузку.

  1. Многія працуюць больш за норму праз нізкія заробкі. Гэты фактар найбольш важны пры афармленні на некалькі ставак. Медработнікі часта бяруць некалькі ставак, паколькі аб'ём працы застаецца тым жа, але памер заробку павялічваецца.

    Акрамя таго, праз нізкія заробкі афармленне на некалькі ставак часта застаецца адзіным спосабам атрымліваць дастатковы для жыцця прыбытак. Пры гэтым, незалежна ад колькасці ставак большасць застаюцца незадаволеныя сваім заробкам, што стварае патэнцыял для далейшага выкарыстання фінансавага прымусу да дадатковай працы.

  2. Галоўны спосаб прымусу звязаны з групавым ціскам, які нармалізуе прымусовую працу і выяўляецца ў трох аспектах: 
  • Этычны (аргумент "няма каму аказваць дапамогу пацыентам", які ўключае ў сябе адказнасць як перад пацыентам, так і перад калегамі)
  •  канфармісцкі (перакананне "усе так працуюць")
  • псіхалагічны (пагроза канфлікту ў калектыве)

Часцяком няма нават відавочнага моманту, калі лекар прымае рашэнне ці працаваць звыш нормы. Напрыклад, супрацоўнікі аказваюцца перад фактам, калі колькасць пацыентаў у чарзе перавышае норму, і адмова ад нагрузкі ў дадзеным выпадку – гэта адмова непасрэдна пацыентам, якім патрэбна дапамога.

    3. Пры гэтым, калі групавога ціску недастаткова і ў размовах з начальствам лекары ставяць пад сумнеў неабходнасць прымусовай працы, яны могуць сутыкнуцца з прамымі пагрозамі пакарання.

Переработки и принуждение к труду: проблемы медиков в Беларуси. Исследование
Медработнік / Еврорадио

Негатыўныя эфекты практык эксплуатацыі працы

Эксплуатацыя працы медработнікаў, звязаная з перапрацоўкамі і падвышанай нагрузкай мае шэраг негатыўных наступстваў для сістэмы аховы здароўя:

  1. Перапрацоўкі негатыўна адбіваюцца на здольнасці лекараў выконваць сваю працу: узрастае рызыка медычнай памылкі, непрафесійных паводзін з пацыентамі і г.д. Даследаванні даказваюць сувязь колькасці доктарскіх памылак з працягласцю рабочых змен.
  2. Перапрацоўкі і дадатковыя нагрузкі таксама зніжаюць задаволенасць лекараў умовамі працы. У выніку большасць беларускіх медыкаў
    (68%) не задаволены бягучымі ўмовамі. Гэта зніжае прывабнасць працы ў медыцыне для патэнцыйных новых медработнікаў і адбіваецца на прэстыжы спецыяльнасці.
  3. Сістэма эксплуатацыі працы ліквідуе стымулы для падняцця зарплаты медыцынскім супрацоўнікам. Гатоўнасць медработнікаў пад дзеяннем механізмаў прымусу перапрацоўваць і афармляцца на некалькі ставак, каб атрымліваць дастатковы даход дазваляе кіраўніцтву не павышаць памеры акладу.

Гендарны аспект эксплуатацыі працы медработнікаў

Хоць па большасці паказчыкаў практыкі эксплуатацыі працы мужчын і жанчын не адрозніваюцца, існуюць некаторыя гендарныя асаблівасці. Агулам, мужчыны больш працуюць па часе, тады як жанчыны часцей адчуваюць павышаную інтэнсіўнасць працы і групавы ціск.

Эксплуатацыя працы жанчын найчасцей звязана з вымушанымі перапрацоўкамі і дадатковай нагрузкай. Паказальны прыклад: жанчыны часцей адзначаюць, што ім цяжка насіць неабходныя рэчы падчас пешых візітаў. Гэта можа тлумачыцца тым, што вага гэтых рэчаў, якая можа дасягаць 5 кг, занадта цяжкая для сярэднестатыстычнай жанчыны, але пасільная для мужчыны.

Жанчыны часцей за мужчын схільныя зазнаваць групавы ціск і больш залучаюцца ў сацыяльную працу за межамі службовых абавязкаў. Гэта можа быць звязана з культурнымі адрозненнямі ў мужчынскай і жаночай сацыялізацыі. Мужчыны часцей за жанчын схільныя да практык, звязаных з павелічэннем працягласці працоўнага часу: парушэнні графіка, памер перапрацовак, праца на некалькі ставак.

У медыцыне, існуе гендарны разрыў у зарплаце. Па дадзеных даследавання, мужчыны-медыкі атрымліваюць на 36% больш, чым жанчыны-медыкі. Пры гэтым у мужчын колькасць ставак усяго на 14% большая.

Гэтая праблема з'яўляецца сістэмнай: жанчыны радзей працуюць на высокааплатных спецыяльнасцях (хірургі, рэаніматолагі-анестэзіёлагі), што звязана з гендарнымі стэрэатыпамі як у грамадстве, так і ў сістэме аховы здароўя. Нават калі выключыць дадзеныя спецыяльнасці, разрыў застаецца: 11% у стаўках і 22% у заработнай плаце.

Переработки и принуждение к труду: проблемы медиков в Беларуси. Исследование
Медыкі, акрамя прыёму пацыентаў у паліклініцы, павінны іх наведваць / Еўрарадыё

Роля эксплуатацыі працы ў сістэме аховы здароўя

Сістэма эксплуатацыі працы існуе ў кантэксце дэфіцыту кадраў у беларускай медыцыне. Пра недахоп медыкаў сведчаць дадзеныя агульнарэспубліканскага банка вакансій.

Распаўсюджаныя перапрацоўкі і перагрузкі звязаныя з рэальным недахопам кадраў, а некаторыя аргументы групавога ціску (напрыклад, "не будзе каму дапамагаць людзям"), сапраўды могуць абапірацца на досвед лекараў. Недахоп медыцынскіх работнікаў у Беларусі існуе даўно, аднак у апошнія гады сітуацыя пагоршылася з-за наступстваў палітычнага і эканамічнага крызісаў. Бягучы недахоп лекараў прызнае і міністр аховы здароўя.

Дзяржава выкарыстоўвае аргументы групавога ціску, каб пераканаць лекараў не з'язджаць за мяжу. Прымаюцца таксама спецыяльныя законы і пастановы, якія ўзмацняюць кантроль за маладымі спецыялістамі праз абавязковую адпрацоўку з мэтай утрымаць лекараў на працоўных месцах.

Такія меры не вырашаюць праблему, а толькі ўзмацняюць ўжо наяўныя спосабы прымусу, наадварот, робячы працоўныя месцы ў медыцынскай сферы яшчэ менш прывабнымі. Такім чынам, паказаныя ў нашым даследаванні цяжкія ўмовы працы лекараў – гэта спосаб дзяржавы вырашыць праблему недахопу кадраў праз эксплуатацыю працы тых, хто ўжо працуе.

Сістэма эксплуатацыі працы будзе прайграваецца, пакуль не будзе ліквідаваная сам недахоп кадраў, да якога ў канчатковым выніку зводзіцца праблема перапрацовак і перагрузкі лекараў.

***

Каго апытвалі?

Па выніках 9 глыбінных інтэрв'ю з лекарамі, аўтары даследавання вылучылі асноўныя практыкі эксплуатацыі працы, з якімі яны сутыкаюцца. Затым яны дэталёва прааналізавалі распаўсюджанасць і інтэнсіўнасць гэтых практык на дадзеных анлайн-апытання 311 медработнікаў.

“Праз асаблівасці рэкрутынгу ў выбарцы прадстаўленыя пратэстна настроеныя рэспандэнты. Аднак практыкі, пра якія ідзе гаворка ў даследаванні, замацаваны на ўзроўні арганізацыі працы і не звязаныя з палітычнымі поглядамі. Таму мы лічым, што вынікі апытання адлюстроўваюць агульныя ўмовы працы ў беларускім медыцынскім сектары", — гаворыцца ў даследаванні.

Асноўная частка рэспандэнтаў — гэта супрацоўнікі гарадскіх лякарняў і паліклінік. У выбарку трапілі як тыя, хто працуючыя цяпер (47%), так і тыя, хто ўжо звольніліся і нават пераехалі ў іншыя краіны. Пры гэтым статыстычна значных адрозненняў у адказах паміж тымі, хто працаваў у розныя перыяды не выяўлена, паведамляюць аўтары апытання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі