Плывец Бокій заваяваў тры залатыя медалі на ЧС сярод паралімпійцаў ў Мехіка
Беларускі плывец Ігар Бокій заваяваў тры залатыя медалі на чэмпіянаце свету сярод атлетаў з абмежаванымі магчымасцямі, паведамляе БЕЛТА. Спаборніцтвы праходзяць у Мехіка.
У катэгорыі S13 бабруйчанін перамог на дыстанцыях 100 м на спіне — 57,45 сек., 100 м батэрфляем — 54,75 сек., 400 м вольным стылем — 4 хвіл. 03,74 сек.
Яшчэ два залатыя медалі нашай зборнай прынёс Рыгор Зудзілаў. У катэгорыі S11 (татальна сляпых) ён выйграў дыстанцыі 100 м батэрфляем — 1 хвіл. 11,81 сек. і 100 м вольным стылем — 1 хвіл. 01,27 сек.
Ёсць у скарбонцы беларускай каманды тры срэбраныя ўзнагароды. Наталля Шавель прыйшла другой на дыстанцыі 100 м брасам — сярод атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата (SB4). Рыгор Зудзілаў стаў срэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 м на спіне, а яго сястра Ганна Зудзілава заваявала "срэбра" на дыстанцыі 100 м на спіне.
"Бронзу" заваяваў Максім Вашкевіч на дыстанцыі 100 м на спіне.
Дарэчы, на папярэднім сусветным турніры сярод паралімпійцаў у Глазга беларусы заваявалі дзевяць медалёў. Прычым з іх шэсць залатых — на рахунку Ігара Бокія.
Сёлетні чэмпіянат свету па плаванні сярод атлетаў з абмежаванымі магчымасцямі працягнецца ў Мехіка да 7 снежня.