Польшча і краіны Балтыі просяць ЕС пра лінію абароны на мяжы з РБ і РФ

На мяжы Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйнае фота

На мяжы Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікаюць Еўрасаюз пабудаваць лінію абароны на мяжы з Расіяй і Беларуссю. Яны мяркуюць, што гэта дапаможа абараніць ЕС ад ваенных пагроз і іншых шкодных дзеянняў з боку Масквы.

Лідары чатырох краін заяўляюць, што праект, закліканы абараніць саюз 27 краін з насельніцтвам 450 мільёнаў чалавек, запатрабуе і фінансавай падтрымкі ўсіх чальцоў ЕС. Прапанова будзе абмяркоўвацца на саміце ў Бруселі, які пачнецца 27 чэрвеня.

"Стварэнне сістэмы абароннай інфраструктуры ўздоўж знешняй мяжы ЕС з Расіяй і Беларуссю дазволіць вырашыць вострую і надзённую неабходнасць абараніць ЕС ад ваенных і гібрыдных пагроз", — цытуе агенцтва Reuters ліст чатырох лідараў краін.

Пад гібрыднымі пагрозамі маюцца на ўвазе спалучэнне ваенных і неваенных, а таксама схаваных і адкрытых сродкаў, у тым ліку дэзінфармацыя, кібератакі, эканамічны ціск і выцісканне мігрантаў праз межы.

Некаторыя еўрапейскія дыпламаты мяркуюць, што лінія абароны ўздоўж 700-кіламетровай мяжы ЕС з Расіяй і Беларуссю будзе каштаваць прыкладна 2,5 мільярда еўра.

Планаванне і будаўніцтва лініі абароны на ўсходняй мяжы Еўрасаюза лідары чатырох краін заклікаюць весці ў каардынацыі з NATO і яе ваеннымі патрабаваннямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі