Прадалі з аўкцыёна былы офіс палітвязня Эдуарда Бабарыкі
Гэта аднапакаёвае памяшканне плошчай 30,9 квадратнага метра
Прадалі з аўкцыёна былы офіс палітвязня Эдуарда Бабарыкі. Гэта аднапакаёвае памяшканне плошчай 30,9 квадратнага метра з двума вокнамі на першым паверсе будынка на вуліцы Шорнай (раён Нямігі). Раней маёмасць была арыштаваная па рашэнні следчых органаў.
Пачатковы кошт маёмасці на электронным аўкцыёне складаў 129 тысяч рублёў. А прадалі памяшканне за 155 445 рублёў. Ва аўкцыёне ўдзельнічалі два чалавекі.
Летам на аўкцыёне прадалі матацыкл і аўтамабіль палітвязня.
Эдуарда Бабарыку затрымалі разам з яго бацькам, Віктарам Бабарыкам, 18 чэрвеня 2020 года. Эдуарда трымалі ў СІЗА КДБ, некалькі разоў мянялі абвінавачанне. 5 ліпеня 2023-га яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму прызначылі штраф — 185 тысяч рублёў. Сёлета ў ліпені Эдуарду Бабарыку прысудзілі яшчэ 2 гады зняволення, абвінаваціўшы ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.