Прадукцыю Nivea забаранілі ўвозіць і прадаваць у Беларусі
У Беларусі часова забаронены ўвоз і продаж асобных тавараў гандлёвага знака Nivea. Як паведамляе прэс-служба Мінздароўя, такую пастанову падпісаў 6 красавіка намеснік міністра — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка.
Гаворыцца, быццам спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы выявілі шэраг парушэнняў: продажу прадукцыі Nivea без дакументаў, якія сведчаць якасць і бяспеку, а таксама, што ў крамах прадавалі пратэрмінаваную прадукцыі гэтай фірмы. Асобныя тавары Nivea, як паведамляецца, не адпаведалі патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі" ў частцы маркіроўкі. "У прыватнасці, маркіроўка не змяшчае інфармацыі пра назву і месца знаходжання арганізацыі, упаўнаважанай вытворцам на прыняцце прэтэнзій ад спажыўца, альбо назва прадукцыі не адпавядае яе інгрэдыентнаму складу, што не дазваляе ў поўнай меры забяспечыць абарону правоў спажыўцоў і атрымаць дакладную інфармацыю пра набываны тавар", — заяўляюць у прэс-службе Мінздароўя.
У студзені 2021-га кампанія Nivea адмовілася спансіраваць сёлетні чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. Гэта абгрунтоўвалася тым, што кампанія выступае супраць усіх формаў дыскрымінацыі і гвалту. Адмова буйных спонсараў паўплывала на перанос турніру з Мінска.
Каб забарона прадукцыі Nivea не выглядала адкрытай помстай з боку беларускіх уладаў, Мінздароўя паведамляе, што агулам санслужба забараніла продаж амаль 3000 назваў парфумерна-касметычнай прадукцыі розных вытворцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.