Праваабаронцы прынялі заяву наконт смяротнага пакарання ў Беларусі
Праваабаронцы заклікаюць сказаць "Не!" смяротнаму пакаранню / spring96.org
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прынялі супольную заяву, у якой яны выказваюць "рашучы пратэст супраць чарговага пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі". Днямі ў нашай краіне пачалі дзейнічаць дапаўненні ў артыкул 356 Крымінальнага кодэкса. Ім прадугледжваецца магчымасць прымяняць смяротнае пакаранне за "здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца".
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца РБ, смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы. Да таго ж грамадству не патлумачылі дакладных абгрунтаванняў неабходнасці пашырэння прымянення смяротнага пакарання.
"Мы падкрэсліваем недапушчальнасць выкарыстання смяротнага пакарання і пагрозы яго прымянення як інструмэнта палітычнага ціску і выказваем занепакоенасць магчымымі злоўжываннямі з боку беларускіх уладаў, у прыватнасці, адвольным яго прымяненнем", — гаворыцца ў заяве. Праваабаронцы патрабуюць адмяніць згаданае новаўвядзенне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.