Прайшло абмеркаванне прапаноў дэмсіл Беларусі па стратэгіі дзеянняў на 2024 год

Падчас сустрэчы з спецпасланнікамі дэмакратычных краін

Падчас сустрэчы з спецпасланнікамі дэмакратычных краін / t.me/CabinetBelarus/

Адбылася першая сустрэча спецпасланнікаў па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю з прадстаўнікамі Аб'яднанага пераходнага кабінета. У сустрэчы ўдзельнічалі наступныя спецпасланнікі: Крысціна Юханесан (Швецыя), Аста Андрыяўскенэ (Літва), Артур Міхальскі (Польшча) і Марка Каплімаа (Эстонія). Кабінет прадстаўлялі Павел Латушка, Аліна Коўшык і Валерый Мацкевіч. Былі абмеркаваныя прапановы дэмакратычных сіл Беларусі па стратэгіі дзеянняў на 2024 год. 

Як паведамляе прэс-служба Кабінета, гаворка ішла пра "адказнасць рэжыму Лукашэнкі за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці", а таксама пра "гарманізацыю санкцый". Днямі стала вядома, што Польшча і краіны Балтыі прапануюць ЕС зраўнаваць сектаральныя санкцыі для Беларусі і Расіі. На згаданай сустрэчы спецпасланнікі адзначылі, што Польшча, Літва, Латвія і Эстонія будуць выступаць за ўвядзенне санкцыйнага пакета, "накіраванага на гарманізацыю санкцый паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі".

Павел Латушка адзначыў, што для беларусаў важныя канкрэтныя рашэнні і дзеянні, якія пакажуць рэальную нацэленасць еўрапейскіх партнёраў на садзейнічанне ў барацьбе беларускага грамадства за дэмакратыю і свабоду. Спецпасланнікі Польшчы, Літвы і Эстоніі "выказалі гатоўнасць працягнуць працу ў кірунку прававой адказнасці рэжыму Лукашэнкі". 

Таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферы культуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі