"Пуцін нясе адказнасць за смерць Навальнага" — Байдэн

Аляксею Навальнаму было 47 гадоў

Аляксею Навальнаму было 47 гадоў / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў са зваротам у сувязі з гібеллю ў калоніі ў РФ расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага. "Расійскія ўлады раскажуць сваю гісторыю. Але памятайце: Пуцін адказны за смерць Навальнага", — сказаў Байдэн. Паводле яго слоў, Пуцін "гатовы забіваць не толькі грамадзян іншых краін, але і сваіх грамадзян".

Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што цяпер самы час палітыкам у ЗША прыняць важнае рашэнне і працягнуць дапамагаць Украіне, якая працягвае супрацьстаяць Расіі (як вядома, адпаведны законапраект мусіць прыняць Палата прадстаўнікоў, але яна пайшла на вакацыі). "Гадзіннік цікае і гэта [ухваленне падтрымкі Украіны] павінна адбыцца", — заявіў прэзідэнт ЗША.

Джо Байдэн таксама сказаў, што абдумвае дадатковыя крокі, каб пакараць Расію і аддаць даніну павагі Навальнаму "за адважны супраціў карупцыі і гвалту пуцінскай улады".

Пра смерць 47-гадовага Аляксея Навальнага ў калоніі 16 лютага паведаміла ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі. Паводле афіцыйнай версіі, палітвязень дрэнна адчуў сябе пасля прагулкі і амаль адразу страціў прытомнасць. Рэанімацыя не дапамагла, лекары канстатавалі факт смерці.

Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Уладзіміра Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі, Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар.

У пятніцу Юлія Навальная на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы заклікала свет згуртавацца супраць рэжыму Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі