Расія пачала будаўніцтва БТС-2. Што гэта значыць для Беларусі?

Будаўніцтва БТС-2 аслабляе палітычную пазіцыю Беларусі як краіны-транзіцёра, можа стаць прычынай сур’ёзных эканамічных страт, а таксама зніжае інвестыцыйную прывабнасць і кошт беларускіх НПЗ і нафтаправодаў, лічаць эксперты Расія абвясціла пра пачатак будаўніцтва Балтыйскай трубаправоднай сістэмы (БТС-2) 10 чэрвеня. “Эканамічная мэтазгоднасць дадзенага праекта мае другасны характар”, — мяркуе аглядальнік энергетычнай палітыкі выдавецкага дома “КоммерсантЪ” Наталля Грыб. На яе думку, будаўніцтва БТС-2 дазволіць Расіі “пазбегнуць палітычнага ціску з боку краін-транзіцёраў — Беларусі і Польшчы”.
 
Наталля Грыб нагадала, што Расія змяніла сваю знешнюю энергетычную стратэгію і “зараз пры пастаўках нафты і газу аддае перавагу тым трубаправодам, якія не маюць транзітнай рызыкі, а гэта значыць, не праходзяць па тэрыторыі сумежных дзяржаў”. 

Палітычны праект Расіі можа абярнуцца для Беларусі эканамічнымі стратамі. Самыя відавочныя з іх — зніжэнне даходаў ад транзіту расійскай нафты у Еўропу. “Аб’ёмы транзіту нафты праз Беларусь могуць знізіцца на 30%”, — мяркуе эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. Пры гэтым ён выключае варыянт поўнага спынення транзіту праз беларускую “Дружбу”.

Але, на яго думку, куды большых страт можна чакаць, калі расійскія нафтавыя кампаніі перастануць перапрацоўваць нафту на нашых НПЗ. “У гэтым выпадку Беларусь можа недалічыцца 6 млрд. долараў экспартных даходаў у год”, — гаворыць эксперт. Нагадаем, што Расія абмяркоўвала варыянт будаўніцтва ў канечнай кропцы БТС-2 НПЗ, які можа замяніць беларускі “Нафтан”.
 
Між іншым, расійскія эксперты пужаюць Беларусь поўным спыненнем транзіту праз яе тэрыторыю. “Масква можа замарозіць пастаўкі нафты па паўднёвай ветцы “Дружбы”, як яна гэта зрабіла з паўночнай, якая ішла на Мажэйкяйскі НПЗ у Літве, у выпадку палітычных рознагалоссяў”, — сказала “Еўрарадыё” Наталля Грыб. Але адназначнага адказу на гэта пытанне пакуль што няма, дадала яна.

Згаджаючыся з палітычнай падаплёкай будаўніцтва БТС-2, беларускі эксперт энергетычнага рынка Таццяна Манёнак усе ж мае надзею, што беларуская нафтавая труба не высахне. “Расійскія кампаніі маюць вялікую эканамічную зацікаўленасць у беларускай транзітнай трубе, таму будуць намагацца яе выкарыстоўваць”, — мяркуе яна. “Калі не будзе жорсткага палітычнага ціску на іх”, — дадала эксперт.

Яна таксама нагадала, што, задумваючы праект БТС-2, Расія разлічвала на павелічэнне аб’ёмаў здабычы нафты і, адпаведна, аб’ёмаў яе транзіту. “Калі гэта сапраўды будзе так, то страты Беларусі ад змяншэння транзіту могуць быць меншымі”, лічыць яна.  

“Але зразумела, што складанасці будаўніцтва БТС-2 Беларусі створыць”, — кажа Манёнак. Не ў апошнюю чаргу яны звязаныя з тым, што будаўніцтва БТС-2 знізіць інвестыцыйную прывабнасць для расійскага капіталу беларускіх НПЗ і нафтаправодаў. Яна нагадала, што прадстаўнікі расійскай “Транснафты” ўжо выказваліся наконт таго, што ім нецікава ўдзельнічаць у беларускай прыватызацыі.

У якасці прычын яны называлі ненадзейнасць Беларусі як партнёра і прыгадвалі гісторыю ўзаемаадносін расійскага “Газпрама” і беларускага “Белтрансгаза”. “Нават калі справа дойдзе да продажу актываў, зараз, калі ідзе будаўніцтва БТС-2, іх кошт будзе значна меншы”, лічыць эксперт.

На думку Таццяны Манёнак, урад Беларусі ўжо зразумеў складанасць сітуацыі, з чым звязаны планы акцыянавання ў гэтым годзе наваполацкага прадпрыемства па транспартыроўцы нафты “Дружба”, а таксама РУП “Гомельтранснафта Дружба” і іх выключэнне з ліку прадпрыемстваў, якія не могуць быць прыватызаваныя. “Беларускі урад павінен дзейнічаць больш энергічна і актыўна і не баяцца супрацоўнічаць з замежнымі кампаніямі”, лічыць Манёнак. “Але, магчыма, ужо позна”, дадала яна.

Разам з тым, на думку экспертаў, у Беларусі існуе магчымасць альтэрнатыўнага выкарыстання сваіх нафтаправодаў. Нагадаем, што наваполацкая “Дружба” не выкарыстоўваецца для транзіту расійскай нафты ў напрамку Літвы ўжо амаль тры гады, Латвіі — шэсць. “Я ведаю, што ў рамках праграмы “Ўсходняе партнёрства” абмяркоўваюцца некаторыя праекты загрузкі наваполацкай трубы”, паведаміла Таццяна Манёнак. Што да гомельскай трубы, то яна можа быць задзейнічаная ў праекце Еўра-Азіяцкага нафтатранспартнага калідора (ЕАНТК), які ініцыявала Ўкраіна.

“Там ёсць тэхнічная магчымасць злучыць нашую “Дружбу” з нафтаправодам “Адэса-Броды” і пракласці ўчастак трубы ў напрамку Прыбалтыйскіх дзяржаў”, кажа яна. “Так, пакуль што выкарыстанне расійскай нафты з пункту гледжання эканомікі больш апраўданае, але калі такой магчымасці не будзе, то будуць знойдзеныя альтэрнатыўныя варыянты выкарыстання НПЗ і транзітнай інфраструктуры”, упэўненая Таццяна Манёнак.

“Асушэнне беларускай трубы аб’яднае інтарэсы Беларусі, Украіны і Латвіі, і можа прывесці да стварэння новага кансорцыума”, лічыць Леанід Заіка. У перспектыве гэта можа цалкам пераарыентаваць Беларусь на Захад і нават падштурхнуць да ўваходжання ў ЕС.



Даведка ЕЎРАРАДЫЁ:


У 2008 годзе праз Беларусь было пракачана 85,1 млн. т нафты, што на 3,7% менш, чым у 2007 годзе. Беларускія НПЗ перапрацавалі 21,3 млн. т, што амаль адпавядае ўзроўню папярэдняга года. Даходы ад транзіта складаюць каля 200 млн. дол. у год. Мяркуецца, што магутнасць БТС-2 складзе 50 млн. тон. Увядзенне ў эксплуатацыю першай чаргі БТС-2 запланаванае на 2012 год.

Фота — bymedia.net, naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі