Расійскі вайсковы дрон парушыў паветраную прастору Латвіі
Расійскі беспілотнік
У суботу, 7 верасня, расійскі вайсковы дрон парушыў паветраную прастору Латвіі. Гэта адбылося на ўсходзе краіны, у Рэзэкненскім краі, які мяжуе з Віцебскай вобласцю Беларусі. Латвійскае Міністэрства абароны паведамляе, што беспілотнік разбіўся, і ўжо знойдзеныя яго абломкі.
Паводле папярэдніх звестак, беспілотнік трапіў у Латвію з тэрыторыі Беларусі. Адказныя службы працягваюць высвятляць абставіны інцыдэнту.
Імаверна, гэта першы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну выпадак, калі расійскі вайсковы дрон парушае паветраную прастору Латвіі. Латвійскія сілы абароны ў адпаведнасці з распрацаванымі працэдурамі паведамілі пра інцыдэнт чыноўнікам, праваахоўнікам і камандаванню НАТА (бо Латвія ўваходзіць у Паўночнаатлантычны альянс).
Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што на такія інцыдэнты з расійскімі дронамі трэба рэагаваць калектыўна. Бо "колькасць такіх інцыдэнтаў на ўсходнім флангу НАТА расце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.