Рэдкую саву з Чырвонай кнігі заўважылі ў Мінску
20 лістапада ў Мінску заўважылі даўгахвостую кугакаўку, паведамляе сайт greenbelarus.info са спасылкай на супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Гэта рэдкі для Беларусі від соваў, занесены ў Чырвоную кнігу.
Фотаздымкі савы даслалі на адрас арганізацыі жыхары аднаго з мінскіх дамоў. Рэдкую птушку яны сфатаграфавалі ў двары свайго дома. Потым птушку сфатаграфавалі і арнітолагі з Нацыянальнай акадэміі навук.
Эксперты спачатку палічылі, што гэта першая фіксацыя даўгахвостай кугакаўкі ў Мінску. Пазней высветлілася, што пяць гадоў таму птушку ўжо заўважалі ў сталіцы. Мінулай зімой такая ж птушка была зафіксаваная ў Полацку. Зрэшты, вакол Полацка такія совы гняздуюцца і ў цэлым для Віцебшчыны з'яўляюцца звычайным відам.
У Чырвоную кнігу Беларусі від занесены з 1981 года.