Avias: Музыка, літаратура ператварыліся ў смецце, вось і мы дадалі свайго..

1-я частка ў гуку:

120831 BackStage1_0.mp3

2-я частка ў гуку:

120831 BackStage2.mp3

3-я частка ў гуку:

120831 BackStage3.mp3

У суботу 1-га верасня мінскі гурт Avias выдае EP “Смецце”, прычым, паслухаць і спампаваць яго можна будзе на нашым сайце. Напярэдадні прэзентацыі вакаліст Рома Сухоцкі, гітарыст Саша Фунт ды бубначка Віка распавялі пра ўласны аптымізм, уплыў канца свету на іх творчасць, адмову ад паўнавартасных альбомаў ды будучае шоў на канцэртнай прэзентацыі ЕР.

Еўрарадыё: Што будзе на гэтым ЕР?


Саша Фунт: Будзе пяць песень, напісаных, напэўна, за год існавання нашага гурта. Яны ўсе крыху розныя па настроі, крыху розныя па гучанні, але ў той жа час аб’яднаныя чымсьці агульным. Магчыма, лірыкай, якая прысвечаная пэўным апакаліптычным тэмам… не вельмі радасным, карацей.

Еўрарадыё: Дарэчы, Рома, а чаму такая тэматыка песень, ты ж іх аўтар?


Рома Сухоцкі: Я ніколі не планую. пра што пісаць, проста тая тэматыка, што актуальная ў маёй галаве, тое, што выходзіць, тое і атрымліваецца. Першапачаткова мы не планавалі агульную тэматыку нашага ЕР. Проста, калі мы вырашылі, што будзем пісаць менавіта гэтыя песні для рэлізу і паглядзелі на яго з боку, то зразумелі, што з яго прадзімае апакаліптыкай.

Еўрарадыё: То бок, можна сказаць, што вы па жыцці таксама дэпрэсіўныя, а таму і тэматыка такая ў вас!?


Рома Сухоцкі: Ну, я б не сказаў, мне падаецца, што мы наадварот дастаткова аптымістычныя.

Саша Фунт: Мг.., асабліва я!

Віка: Так, хіба, апроч Сашы.

Саша Фунт: Проста набліжаецца канец свету, і гэта, відаць, неяк падсвядома адбіваецца.

Еўрарадыё: То бок вы плануеце выдаць гэты ЕР і такім чынам развітацца з чалавецтвам?


Саша Фунт: Хацелася б яшчэ на канцэрт Мэрліна Мэнсана схадзіць і тады можна!

Рома Сухоцкі: Не-е-е! Насамрэч, мы проста ідзем у нагу з модай. Цяпер канец свету —гэта модна, і мы вырашылі гэтаму падгуляць (смяюцца).


Еўрарадыё: І тым не менш, вы граеце гранж, які ўжо даўно не модны…


Рома Сухоцкі: Ну, гэта ж не ў чыстым выглядзе гранж. Проста музыка з некаторай аглядкай на рок ды на гранж. На новым рэлізе будзе зразумела, што акрамя класічнага гранжу мы ўвабралі ў сябе вельмі шмат чаго яшчэ. Напрыклад, песня “I Know” больш падобная на нейкі поп-панк ці поп-рок, песня “Н” — нешта пост-рокавае нясе, “Май” — Фунт казаў, што гэтая песня мусіла быць яшчэ ў гурце “Крок(Рома Сухоцкі – лідар гурта “Крок”, які ўжо спыніў сваю дзейнасць — заўв. Еўрарадыё). Таму акрэсліваць нейкі канкрэтны стыль — гэта не зусім наша справа. Не было такога, каб мы выбіралі, што будзем выконваць менавіта такі стыль музыкі. Магчыма, ёсць гурты, якія збіраюцца і дамаўляюцца: “Мы будзем працаваць у стылі рок-н-рол!

Саша Фунт: Але толькі да паслязаўтра, бо паслязаўтра ўжо будзе актуальным дыска (усміхаюцца).

Рома Сухоцкі: Карацей, няма задачы, раўняцца на нейкі стыль, мы пішам тое, што ідзе ад душы!

Еўрарадыё: А можаце прызнацца, што ў вашых песнях ёсць кавалкі, скажам, падтыраныя ў кагосьці?

Рома Сухоцкі: Калі мы разбіралі песню “Н”, то чамусьці ўзгадалі гурт Deftones. Такія: “Оп! А вось і Deftones уварваліся да нас у пакой!”

Віка: “Але няхай будуць! Няхай будуць, а што!?”

Саша Фунт: Мне падаецца, што самім у сваіх жа песнях шукаць чужыя кавалкі няма сэнсу. У нас жа ёсць розныя experty.by (http://www.experty.by/), дзе сядзяць людзі, што добра разбіраюцца, няхай яны і шукаюць!

Еўрарадыё: Тады апошняе пытанне да стылістыкі. Ці адрозніваецца новы ЕР ад дэбютнага “Маяк”?


Саша Фунт: Натуральна! На новым больш рознабаковы матэрыял менавіта стылістычна.

Віка: Ды і агулам, мы сябе больш упэўнена адчуваем цяпер. Першы ЕР быў больш эксперыментальны, больш сыры. А цяпер ужо кожны разумее, што трэба граць, што не трэба граць і з-за гэтага, думаю, “Смецце” атрымалася больш дарослым.

Рома Сухоцкі: Зноў жа, да гучання мы падышлі ўжо з пэўным досведам. Атрымліваецца, ўжо трэці рэліз пішам паводле адной і той жа схемы, і з кожным разам гучанне выходзіць лепшм.

Еўрарадыё: Што гэта за схема?


Рома Сухоцкі: Ну, гэта мы пішам увесь матэрыял на студыі Maple Tree, а потым ідзем да Косці Пыжова і ён усё зводзіць. То бок, і “Маяк”, і сінгл “Лепш за цябе” і новы “Смецце” рабіліся адным шляхам…

Саша Фунт: Усё планамерна, і гадоў праз 40 мы нарэшце запішам плацінавы альбом (смяюцца).

Рома Сухоцкі: І, тым не менш, гук адрозніваецца, і я ў гэтым бачу пэўны рост!

Еўрарадыё: Нагадаем, больш дарослы ЕР гурта Avias ужо заўтра, 1 верасня будзе прэзентаваны на “Еўрарадыё”. А сёння хацелася б даведацца чаму вы назвалі яго “Смецце”?


Саша Фунт: (смяюцца) Ды ўсё жыццё — смецце! Усе каштоўнасці пераўтварыліся ў смецце! Музыка, літаратура, кіно — усё ўжо смецце, вось і мы вырашылі свайго смецця дадаць у гэтую вялікую-вялікую сметніцу.

Рома Сухоцкі: Збольшага, так і ёсць. Вось глядзіце: дыск, фізічны носьбіт, сам па сабе ўжо нічога не ўяўляе. Усё роўна нас спампуюць у інтэрнэце. Мы і самі ўсё выкладзем у інтэрнэт, бо інакш нас ніхто і не паслухае, дыскі набываць не будуць. Часткова, з-за гэтага такая назва рэліза. Ну, і таксама мы ведаем добрую эзатэрычную легенду пра смецце, якая нас звязвае з продкамі…

Саша Фунт: Ёсць такая легенда, што раней смецце было сімвалам сувязі з тым светам, з душамі памерлых. Ёсць шмат традыцый, дзе, калі чалавек памёр, то з дома, дзе ён памёр, нельга выносіць смецце… бо гэта можа пацягнуць, напрыклад, смерці яшчэ якіх людзей. То бок смецце было такім сімвалам таго свету…

Рома Сухоцкі: Так што смецце — гэта добра, у ім шмат энергіі!

Еўрарадыё: Нягледзячы на вашы папярэднія словы, усё ж такі, дэпрэсухі ў вас хапае!)


Саша Фунт: Я ж казаў, што я самы пазітыўны чалавек у свеце!)

Рома Сухоцкі: Раніцай, каб узбадзёрыцца слухае Cannibal Corpse (смяюцца).

Еўрарадыё: Гэта ў вас ужо трэцяе міні-выданне, а чаму дагэтуль няма альбому? Не хапае матэрыялу, ці што?

Рома Сухоцкі: Магчыма, калі скласці ўсе нашы запісы, то мы атрымаем альбом. Але, каб мы выдалі сёння ўсе гэтыя песні адным альбомам, то ўвесь гэты час пра нас бы ніхто і не ведаў. Мне падаецца, што сённяшняя хуткасць узнікнення інфармацыі прадугледжвае, рабіць выданні часцей, але меншымі порцыямі.

Еўрарадыё: То бок гэта ваш запланаваны прома-крок?


Рома Сухоцкі: У прынцыпе, так! Калі мы будзем рэальна гатовыя да таго, каб даволі хутка выдаць альбом, то мы гэта абавязкова зробім.

Еўрарадыё: Калі я правільна зразумеў, то матэрыял, які цяпер выходзіць на ЕР, і тое, што выдавалася раней, на будучы альбом ужо не трапіць?


Рома Сухоцкі: Хто ведае! Магчыма, калі мы сядзем за альбом, то нешта мы пераглядзім, увесь запісаны матэрыял і нейкія лепшыя песні возьмем. Я гэтага не выключаю. Але на сённяшні дзень гэта самастойныя асобныя выданні. Але пакуль альбом мы не плануем.

Саша Фунт: Гэта дорага і доўга — пісаць альбомы. Атрымліваецца, што гурт выпадае са зроку публікі на пэўны час пакуль пішацца. Лепш усё ж падтрымліваць цікавасць да гурта вось так, парцыённа.

Еўрарадыё: Калі выйшаў ваш дэбютнік “Маяк”, вы пыталіся ў сваіх калег-музыкаў пра іх ацэнку выдання. А па шчырасці, былі нейкія негатыўныя водгукі?


Саша Фунт: Шчыра, тое, што было апублікавана, ніяк не рэдагавалася, хіба толькі, на цэнзурнасць лексікі. Таму, гэта сапраўдныя водгукі.

Еўрарадыё: А як гэта адбывалася? Вы тэлефанавалі казалі: “Паслухайце!?”


Саша Фунт: Ну, гэта ж усё сябры-знаёмыя! Скажам, не чужыя нам людзі, таму, сапраўды, проста прасілі.

Еўрарадыё: А цяпер будзеце?


Саша Фунт: Не, не хацелася б паўтарацца, трэба нешта новае прыдумваць… але не ведаю, што.

Еўрарадыё: Зноў жа, звяртаючыся да вашых старонак у сацыяльных сетках, у вас там напісана што гурт “мае арыгінальны падыход да беларускай мовы”. Вось мяне і зацікавіла, што ў ім такога арыгінальнага?


Рома Сухоцкі: Ну-у-у, я ніколі не размаўляю па-беларуску, можна сказаць, я на мове не думаю, але з дзяцінства так павялося, што пішу песні на беларускай. Не ведаю, адкуль гэта бярэцца. І я разумею, што кожны раз, калі нешта атрымліваецца, беларускія тэксты больш яскрава і дакладна перадаюць тое, што хочацца сказаць, чым, калі я спрабую пісаць на рускай. Гэта працягваецца дагэтуль, і мне падаецца, што ў гэтым і ёсць нейкая арыгінальнасць.

Саша Фунт: Проста на рускай мове ў Ромы атрымліваецца больш граматычных памылак (смяюцца).

Еўрарадыё: Прэзентацыя калі будзе і дзе?


Рома Сухоцкі: 9 верасня, літаральна праз тыдзень, у клубе Re:Public адбудзецца прэзентацыя нашага ЕР “Смецце”. Пры падтрымцы яшчэ двух гуртоў, гомельскага North Aurora і нашых мінскіх сяброў Sub Rosa Dictum. Мы будзем граць прыкладна гадзіну, калі пастараемся. Гэта будзе сэт з усіх нашых песень. Запрашаем усіх, бо ўваход будзе вольны. Тым больш гэта нядзеля, выходны і будзе горача, гучна і, натуральна, крута.  

Еўрарадыё: Шоў плануеце нейкае, апроч таго, што будзеце лётаць па сцэне што дурныя?


Саша Фунт: А што яшчэ трэба!? Я хацеў валасы падпаліць, але, на жаль, пастрыгся ўжо…

Еўрарадыё: А дыскі ўжо будуць?


Рома Сухоцкі: Вядома!

Еўрарадыё: Ну вось, 9-га прэзентуеце, а што далей?


Рома Сухоцкі: Мы думаем цяпер пра гэта. Заўсёды ж складана планаваць дысананс ці рэзананс рэлізаў…

Саша Фунт: Не, ну, будуць нейкія канцэрты, але канкрэтных дат няма. Складана пакуль казаць.

Еўрарадыё: А ці ёсць матэрыял для новага выдання?


Саша Фунт: Працуем, рэпетуем… ёсць новыя песні, парачку мы будзем граць 9-га верасня, а астатнія пакуль у распрацоўцы.

Еўрарадыё: Напэўна, варта было б задаваць гэтае пытанне на пачатку, але гурт “Крок” канчаткова скончыў сваё існаванне, ці не?


Рома Сухоцкі: Планаў вяртання ніякіх няма.

Саша Фунт: Быў жа канцэрт не так даўно…

Рома Сухоцкі: Але гэта быў канцэрт, бо мы з хлопцамі працягваем сябраваць, а ў нашага басіста, які жыве ў піцеры, быў дзень нараджэння. З гэтай нагоды мы і вырашылі сабрацца самі ды сабраць людзей, якія памятаюць гэты гурт. Таму мы адыгралі адну вечарыну, без нейкіх планаў на адраджэнне.

Еўрарадыё: А Avias не будзе карыстацца рэпертуарам гурта “Крок”?


Саша Фунт: У нас былі ідэі, нешта выканаць з таго, што блізкае па гучанні нашаму гурту, але…

Рома Сухоцкі: Мэты такой не стаіць, але не выключаю, што якую-небудзь песню калі-небудзь...

Саша Фунт: Пакуль і не атрымлівалася. Мы неяк спрабавалі адну песню разабраць, але не пайшло. Мы вырашылі, што пакуль не час, і забілі.

Еўрарадыё: Улічваючы, што ты, Рома, пішаш тэксты, то хто музыкай займаецца?


Віка: Звычайна нехта прыходзіць з ідэяй, рыфам, і мы ўжо разам пачынаем яго рабіць. Вельмі вялікі калектыўны складнік у напісанні, таму няма пэўнай схемы стварэння песень. Напэўна, такога не было, каб хтосьці прыйшоў і сказаў: “Я напісаў песню ад пачатку да канца, давайце яе рабіць!”


Еўрарадыё: А з тэкстамі тое ж самае адбываецца? Карэктуеце ўсе разам іх?


Саша Фунт: Рома вельмі дбайна да іх ставіцца, таму… не!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі