Беларускія кофты з бавоўны даражэйшыя за брэндавыя ад Lacoste і Mountain
Еўрарадыё прымерыла беларускую вопратку з італьянскай сыравіны.
У краме “Сталіца” у буціку трыкатажнай вопраткі ад “Арэолы” заўважаем небеларускія кошты. За джэмпер трэба аддаць 360 тысяч.
“У нас усё 100% бавоўна. А фабрыка 20 год на рынку”, - адразу заўважае прадавец. І прапануе прымераць.
Самая танная кофта – 330 тысяч. І гэта пры зніжцы ў 20%. Пару тыдняў таму кофта каштавала даражэй 417 тысяч – каля 50 баксаў!
“У нас вельмі якасная прадукцыя. Сыравіна італьянская і іншых вытворцаў. Таму ў нас такія кошты”, – тлумачаць у эканамічным аддзеле фабрыкі “Арэола”.
Кофтачка ў краме ад фабрыкі "Арэола"
І жадаючых плаціць за беларускія кофты, як за сусветныя брэнды хапае. Штодзень набываюць 4-штукі, запэўніваюць у краме. Хаця ў цэнтры горада апранутых у трыкатажную вопратку з бавоўны ад “Арэолы” не бачна.
“Мы раскручваем свой брэнд. Хто ведае нас, гэта дастаткова папулярная прадукцыя. І з чэрвеня мы знізілі кошты на 20%. У нас і так не моцна рэнтабельная прадукцыя”, – заўважаюць на фабрыцы.
Па такіх жа коштах у ГУМе ляжаць кофты Віцебскай маркі “Naviator” ад кампаніі “Кіс”. Каштуюць 350 тысяч за штуку!
Кофта ад кампаніі "Кіс"
Іншыя беларускія вытворцы больш сціплыя. Кофта ад “Світанка” каштуе 120 тысяч, утрая танней за Арэолу!
“Мы выкарыстоўваем трыкатажную пражу. А закупляюць яе на біржы, там ёсць і Індыя і Узбекістан, усё што заўгодна. У нас поўны цыкл вытворчасці, пачынаючы ад пражы. А ў каго больш кошты, яны, можа, адразу набываюць палатно, таму ў іх даражэй”, - расказваюць у аддзеле маркетынгу фабрыкі “Світанак”.
Кофтачка за 120 тысяч ад "Світанка"
З беларускімі маркамі зразумела. Але ў гандлёвым цэнтры “Еўропа” знаходзім фірмовую краму ад Colin’s. Турэцкі джэмпер тут у 1,5 раза таннейшы за віцебскі “Навіятар” і кофтачку ад беларускай “Арэолы”. Тая ж самая 100% бавоўна.
“Кошты у нас ад 279 тысяч. Прывоз у нас кожны тыдзень. Мы працуем наўпрост з заводам ”, – расказваюць у буціку.
За амерыканскую футболку Mountain у інтэрнэт-краме просяць 35 долараў, а футболка з вядомым французскім кракадзільчыкам Lacoste абыдзецца і таго танней – 30 долараў.
Злева кофтачка ад "Арэолы", справа - футболка Mountain
І нават футболка ад Gucci у расійскай інтэрнэт-краме каштуе 270 тысяч, супраць 330 за джэмпер з італьянскай бавоўны ад “Арэолы”.
Еўрарадыё спытала мінакоў, якой вопратцы яны аддаюць перавагу. Адказы слухайце ў апытанцы: