Эксперт: Беларусаў прывучаюць жыць за чужы кошт і адчуваць сябе двоечнікамі

120903 Eurafokus.mp3

“Расійскі бок, безумоўна, звярнуў увагу, што імпарт нафтапрадуктаў у Беларусі вырас у параўнанні з 2009-2010 гадамі ў разы. Сёлета расце амаль у 4 разы. Звярнулі ўвагу, што з’явіліся ў справаздачах такія паняцці, як распушчальнікі і разбавіцелі ў вялікіх колькасцях на заходнім флангу”, — заявіў у пачатку чэрвеня расійскі амбасадар у Мінску Аляксандр Сурыкаў.

Увага Расіі да беларускага экспарту распушчальнікаў і разбавіцеляў не прымусіла сябе чакаць. У справаздачы за ліпень Белстат адрапартаваў: сальда знешняга гандлю таварамі зменшылася ў 18,5 разоў.

Еўрарадыё зацікавілася, якія наступствы для беларускай эканомікі можа прынесці такі “абвал” знешнегандлёвага сальда.

“Я б не стаў драматызаваць гэты фактар, гэту тэндэнцыю. Сапраўды, важны сальдавы паказчык. Але важна глядзець не толькі дынаміку знешнегандлёвага сальда, гэта адзін з кірункаў, але і іншыя артыкулы. Напрыклад, сальда знешняга гандлю паслугамі, сальда бягучых трансфертаў, у якіх адлюстроўваюцца пералічэнне мытных пошлін, грашовых пераводаў фізасобаў”, — кажа аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

З ім пагаджаецца і эканаміст Леанід Заіка, які раіць глядзець на праблему шырэй, а не задумвацца выключна над памяншэннем гандлёвага балансу.

Леанід Заіка: “48 адсоткаў усяго беларускага экспарту забяспечваецца двума заводамі — наваполацкім і мазырскім. Нафтаперапрацоўчыя заводы робяць палову беларускага экспарту. Беларусаў прымушаюць жыць у аранжарэйных умовах, атрымоўваць чужыя даходы за кошт таннай расійскай нафты. Гэта нараджае такі сіндром двоечніка, халяўшчыка. І гэта самае страшнае”.

Эксперт прыгадвае 2011 год, калі Беларусь набывала дарагую венесуэльскую і азербайджанскую нафту замест больш таннай расійскай, пераплаціўшы 1,5 мільярда долараў. Гэта і іншыя памылкі ўладаў краіны прывялі да рэзкага падзення ўзроўню жыцця, а таксама да трохразовага зніжэння заробкаў, лічыць Леанід Заіка.

Леанід Заіка: “Калі ў мінулым годзе памылка была аплачана з кішэняў беларускага насельніцтва, то ў гэтым годзе расіяне спынілі гэты метад увядзення ў зман, метад фальсіфікацыі ў эканамічных стасунках з Расіяй. Тут мы, на жаль, бачым, што жаданне недзе спрацаваць на Расіі, уцерці нос Расіі, як летась, дорага каштуе. Усё гэта наступствы спробаў падмануць саміх сябе”.

Варта прыгадаць, што, паводле звестак Белстата, экспарт тавараў у ліпені знізіўся амаль на 270 мільёнаў долараў, а імпарт вырас амаль на 141 мільён долараў.

Фота: iinsider.biz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі