"Guardian" — пра беларускага "Караля Ліра"

Схуднелы артрытны кароль кавыляе па сцэне, з кіпай белых валасоў на галаве, і раптам,  ён падскоквае з усмешкай  як чорцік са скрынкі й зрывае парык. Гэта, трэба разумець, адзін з  рызыкоўных маленькіх жарцікаў Ліра: такіх фокусаў, якія падсмейваюцца над нашымі чаканнямі, у пастаноўцы шмат. Замест таго, каб ставіцца да п’есы так, як гэта звычайна робіцца ў Брытаніі — напрыклад, як да спробы Шэкспіра атрымаць доктарскую ступень у галіне эпістэмалогіі, Уладзімір Шчэрбань і маладыя і  энергічная трупа беларускага Свабоднага тэатра вяртаюць п’есу да яе яскравых, жывых каранёў: камічнай казкі, якая ператвараецца ў трагедыю.

Цэнтральнай фігурай ва ўсіх сэнсах з'яўляецца ваўкападобны кароль у выкананні Алега Сідорчыка – ён велічна шпацыруе ў жалезнай пальчатцы на адной руцэ, але вас не пакідае адчуванне, што ў яго ёсць нейкі падазроны пабочны бізнэс. Гэта выбітны выступ, цяжкі фізічна, але ненавязліва чароўны. Актор стварае праўдападобны партрэт чалавека, якога разбурае немагчымасць з’яднацца са сваёй сям’ёй.

Трупа творча падыходзіць да выкарыстання гуку і найпрасцейшага рэквізіту, каб падкрэсліць ідэю:  гіпербалізаваны сцэнічны шэпт дочак Ліра на вуха бацьку заканчваецца сцэнай навальніцы — ровам таннага пластыкавага сіняга брызенту, які статысты хістаюць як марскія хвалі: напачатку гэта перашкода, якую павінны пераадолець кароль, а пасля - бівак на ягонай пустцы.  Гэтак жа добра прадуманыя ролі Ганерыльі (Яна Русакевіч) і Рэганы (Марына Юрэвіч) — гэта не старыя вядзьмаркі, а шматпакутныя дзеці, даведзеныя да краю. Вопытная Кардэлія ў выкананні Ганны Слатвінскай даходзіць нават далей, да бутэлькі — непрыкрыты намёк на тое, што яе вымушанаму шлюбу з апартуністычным каралём Францыі (Аляксей Нарановіч) не было наканавана шчасце.

Часам жартаўлівы, імправізацыйны тон не спрыяе пастаноўцы. Напрыклад, я б пакінуў у рэпетыцыйнай залі сцэну барацьбы дочак за бацькаву любоў, якая прадстаўленая як конкурс у якім-небудзь беларускім стрып-клубе. Да таго ж, я стаміўся ад разладжанага раяля на сцэне, на якім брынчэў амаль кожны - мабыць, па прынцыпе "калі нешта стаіць на сцэне, гэта трэба выкарыстоўваць". 

Але зноў і зноў Свабодны тэатр знаходзіць вобразы, якія чапляюць за жывое і праліваюць святло на тэму, якая часта застаецца прыхаванай — барацьбу паміж пакаленнямі: вытанчаны студэнт Эдгар у выкананні Сяргея Квачонка, які рассеяна пыхкае касяком, разумее запальчывага і нястрыманага Гластэра Паўла Гарадніцкага не больш, чым Лір разумее сваіх дочак. І Аляксей Нарановіч нарэшце прадстаўляе Эдмунда не закончаным злачынцам, а практычным чалавекам, які спрабуе выціснуць як мага болей карысці з неспрыяльных умоваў.

Толькі фінал, на дзіва, змазаны: ідэя павесіць Кардэлію так, каб яна звісала са сцэны ў залю і знаходзілася ў атачэнні гледачоў, змяншае ўплыў гэтага самага жорсткага і шакуючага моманту пастаноўкі. А ідэя ўваходу Ліра, які нясе цела дачкі,  выглядае нонэснсам, калі памятаць, што  Шэкспір стараўся да  апошняга трымаць гледача ў няведанні наконт таго, ці сапраўды яна мёртвая, нават пасля пераломнага моманту. На дадатак, рашэнне Сідорчыка правесці фінальную сцэну шэптам прывяло да таго, што эфект ад яе быў заглушаны шумам начнога Саўтварка (што было стратай нават для тых, хто, як і я, не разумее беларускай мовы). Я адчуваў, што момант быў згублены — асабліва ў параўнанні з тым, як востра былі перададзеныя ідэі п'есы.

Крыніца: guardian.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі