Калейдаскоп жахаў ад Насты Някрасавай
Фольк-спявачка пужала гледачоў пранізлівымі песнямі на жахлівыя народныя сюжэты. Сцівен Кінг бы пасівеў ад вусцішы. Але мінская публіка не спужалася.
120206 Svjardlou Nekrasava.mp3
Кантраст паміж сонечнай, усмешлівай Настай Някрасавай і тужлівымі песнямі, якія яна выконвае, уражвае да глыбіні душы.
“Доля ў нас такая. Ну што зробіш, калі песні сумныя? Пачалі мы з іх, бо найбольш яны адпавядаюць настрою. Але слухай, мне сапраўды шкада, што так атрымалася, што толькі сумнае было. Але гэтыя песні — існасныя. Пра тое, што хвалюе. Нам не выбіраць. І паглядзі: самыя лепшыя хіты ўвогуле — заўжды пра тое, што хвалюе ў чалавечым жыцці”, — распавядае пасля канцэрта спявачка, якой акурат 3 лютага споўнілася 24 гады.
Глядзіце фотарэпартаж Еўрарадыё з канцэрта Насты Някрасавай і гурта FolkRoll у Мінску, а таксама слухайце песні, якія мы запісалі падчас імпрэзы.
Павел Рыжкоў
Падчас канцэртаў Наста аддаецца спяванню цалкам — гэта добра бачна па яе твары, па слязах у вачах, па ўсмешцы пасля таго, як песня атрымаецца. Яна, безумоўна, галоўная на сцэне. Вакол яе цудоўнага голаса сатканае сапраўднае павуцінне гукаў, за якое адказвае кампазітар Павел Рыжкоў, лідар гурта FolkRoll. Ён працуе з народнымі песнямі вельмі смела: змешвае іх з джазам, грае на гітары са слайдэрам, ператварае ў музычныя інструменты келішкі.
Іншым разам фольк пераліваецца ў вясёлы клезмер, які раптам губляе структуру, развальваецца на кавалкі і, сумеўшыся ад сваёй нягэгласці, сарамліва суцішаецца. Каб праз секунду вярнуцца, але ўжо ў выглядзе тужлівага народнага матыва.
Калі Наста Някрасава сыйшла са сцэны, музыкі не разгубіліся і забабахалі п’есу на 12 хвілінаў!
Песня пра двух сясцёр, адна з якіх кінула іншую ў мора. Пранізлівае выкананне Насты Някрасавай. Паслухаўшы такое, карэспандэнт Еўрарадыё ледзь не пайшоў тапіцца на Свіслач. Уфф, дзякаваць Богу, своечасова згадаў, што рака зараз пад ільдом. Але гледачы ў малой залі к/з "Мінск" падабраліся не з пужлівых і прапусцілі праз сябе жалобныя сюжэты без асаблівых стратаў для псіхікі.
Дзіўна, але адзіная напраўду вясёлая песня (акрамя, натуральна, песень пра нараджэнне Хрыстова) прагучала па-польску. Каб музыкі вывучылі словы, з імі давялося крыху папрацаваць, кажа Наста Някрасава. Адбыўся маленькі ўрок і проста на сцэне:
Але вяселле не працягнулася і 5 хвілінаў. Музыкі сыходзілі са сцэны і вярталіся, часам Наста ўвогуле заставалася сам-насам з гледачамі. Мелодыя то бегла ўверх, то раптоўна падала ў прорву цішыні, адкуль ізноў пачынала няспешлівае крэшчэнда. Але градус смутку заставаўся нязменным. “А ці ты зязюля гора маё чуеш?” — пыталася Наста. Добра чулі яго і гледачы. Але настрой у малой залі к/з “Мінск” панаваў чамусьці выключна цёплы і ўрачысты.