Лябедзька: Я не зачыняю дзверы перад Раманчуком

Вызваленне лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі актуалізавала "справу Яраслава Раманчука", які 20-га снежня летась зрабіў скандальную заяву, абвінаваціўшы ў падзеях вечара 19 снежня некаторых кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама журналістку Ірыну Халіп. Пасля былы кандыдат расказаў, што “качку” пра прапанову аб пасадзе, якую яму нібыта зрабіла ўлада, прыдумаў напярэдадні выбараў Анатоль Лябедзька...

Учора намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук не з’явіўся на паседжанне Нацкамітэту АГП, на якое прыехаў Анатоль Лябедзька. Як высветліла Еўрарадыё, Раманчук якраз сустракаўся з прадстаўнікамі буйнога замежнага банку. А з’яўленне на сходзе вызваленага пад падпіску Анатоля Лябедзькі сталася для былога экс-кандыдата ў прэзідэнты сюрпрызам.

“Былі спатканні, якія мы запланавалі з буйным банкам, прадстаўнікі якога прыехалі, каб даведацца, што адбываецца ў Беларусі. Я не мог адмовіцца, бо калі прыязджаюць людзі з Еўропы, неяк нязручна. А сюрпрыз з Анатолем — гэта як свята. Пасля мы ўжо спаткаліся”, — тлумачыць сваю адсутнасць на паседжанні Яраслаў Раманчук.

На сустрэчы з Анатолем Лябедзькам ён размаўляў пра падзеі 19 снежня і пра тое, як сядзелася ў “амерыканцы” кіраўніку АГП, працягвае экс-кандыдат у прэзідэнты.

Раманчук: “Гаварылі аб усім, што здарылася: як яму сядзелася, як нам тут жылося, што адбылося 19-га, калі мы апошні раз бачыліся. Ён больш асцярожны, гаворыць, што не трэба пра ўсё казаць, не трэба ўсё каментаваць. Я больш прамы і гарачы. Анатоль хоча пачуць усе бакі, каб зрабіць свае высновы. Я яму давяраю і ён — мне. Яго вызваленне для мяне — асноўнае здарэнне пасля 19 снежня”.

Асноўная задача ў партыі, кажа Раманчук, заключалася для яго ў вызваленні Анатоля Лябедзькі. Маўляў, для гэтага былі прыкладзеныя ўсе намаганні. Цяпер жа экс-кандыдат чакае, калі кіраўнік АГП увойдзе ў курс справы, тады, маўляў, вырашыцца і лёс Раманчука ў партыі.

Кіраўнік АГП у сваю чаргу кажа, што сустрэча была вельмі кароткай. На ёй Анатоль Лябедзька задаў Раманчуку некалькі пытанняў, на чым палітыкі і разыйшліся.

“Была кароткая сустрэча. Павіталіся. Ён крыху распавёў пра сваё бачанне сітуацыі. Я задаў тры пытанні — гэта былі ўдакладненні па некаторых эпізодах: з кім былі размовы, пра што яны былі. Мы дамовіліся, што давядзецца яшчэ пасядзець і паразмаўляць”.

Гэтая прэзідэнцкая кампанія, кажа Лябедзька, паказала, што ёсць слабыя людзі. Пакуль старшыня АГП хоча дасканала разабрацца ў сітуацыі, а ўжо пасля рабіць высновы.

Лябедзька: “Сама кампанія настолькі цяжкая і складаная, што аказалася для многіх, што ёсць і слабыя людзі, і некаторыя з нас падлюкаватыя. Гэта праўда і трэба зазірнуць ёй у вочы. Гэта цяжка і складана. Трэба разабрацца ў сітуацыі да канца і выслухаць усіх людзей, а пасля рабіць высновы. Я не кажу, што я зачыніў дзверы перад Раманчуком — дзверы адчыненыя. Але гэта ўжо не тая сітуацыя, якая была 19 снежня 2010 года”.

Старшыня АГП адзначае, што лёс Раманчука ў партыі вырашаць калегі. Але ён як кіраўнік нясе адказнасць і за партыю, і за свайго намесніка Раманчука. Цяпер жа Анатоль кажа, што яму давядзецца прымаць цяжкія рашэнні — і палітычныя, і чалавечыя. А пакуль палітык плануе сустрэцца з сваякамі і роднымі.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі