Міністры краін Еўрасаюза наведаюць Беларусь падчас выбараў

На мінулым тыдні намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі правацэнтрысцкіх палітыкаў. Сярод гасцей былі кіраўнікі ўрадаў, знешніх ведамстваў краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, Балтыі і Сярэдняй Азіі. Скарыстаўшыся магчымасцю, Раманчук запрасіў міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта наведаць Беларусь падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Яраслаў Раманчук: “Апроч таго, я прапанаваў яму выступіць з ініцыятывай арганізацыі візіту ў нашую краіну з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Найперш, нашых суседзяў — Еўрасаюза, Бруселя. З тым, каб дакладна давесці пазіцыю Еўропы напярэдадні выбараў. З такой жа прапановай я звярнуўся да міністра замежных спраў Польшчы Радэка Сікорскага. І цяпер ідзе ўзгадненне фармату і магчымасцяў візіту”.

Дабіўся Раманчук і таго, каб шведскія парламентарыі ініцыявалі слуханні ў Еўрапарламенце па сітуацыі ў Беларусі.

Яраслаў Раманчук: “Была зробленая прапанова разгледзець у Еўрапейскім парламенце пытанне аб стане палітычнай сітуацыі ў Беларусі. І з падачы кіруючай партыі Швецыі Moderaterna будзе прапанаваны праект па Беларусі Еўрапейскага парламента. Гэты праект пойдзе ад “Еўрапейскай народнай партыі”, якая зойме пазіцыю адносна Беларусі больш канструктыўную, чым яна займала да гэтага часу”.



Апроч таго, Раманчук перадаў Карлу Більту зварот лідараў дэмакратычнай апазіцыі, у якім заклікаў не скасоўваць візавыя санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў, а пакінуць мараторый на іх дзеянне.

Яраслаў Раманчук: “Шведы пацвердзілі, што сёння практычна ўсе краіны ЕС выступаюць за тое, каб захаваць існуючы цяпер рэжым санкцый. А потым, калі будзе прагрэс з выбарамі, да іх разгляду вярнуцца наноў у красавіку 2011 года”.

Сустрэчу з міністрам замежных спраў Швецыі Яраслаў Раманчук скарыстаў яшчэ і для таго, каб высветліць пазіцыю Расіі ў адносінах да выбараў у Беларусі. І падштурхнуць усходнюю суседку да больш актыўнага ўдзелу ў іх.

Яраслаў Раманчук: “Няма нават захадаў, каб Расія пачала дзейнічаць у місіі назірання АБСЕ сёння. Карлу Більту я сказаў: “Вельмі было б добра, калі б вы як чалавек, які добра ведае спадара Лаўрова, патэлефанавалі яму і высветлілі: ці будзе такое сумеснае назіранне і якія практычныя захады для гэтага трэба рабіць?”

На думку прэтэндэнта ў прэзідэнты, калі назіранне будзе сумесным, то Расіі давядзецца пагадзіцца з высновамі Еўропы адносна вынікаў выбараў. І, як адзначыў Раманчук, шведскі міністр паабяцаў патэлефанаваць расійскаму калегу.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі