Герашчанка: Дэвальвацыя залежыць не толькі ад вашай эканомікі, а і ад Расіі

“Асноўная інтрыга заключаецца не ў тым, будзе дэвальвацыя ці не, а ў яе тэрмінах. А другое пытанне — у тым, у якой форме яна будзе праводзіцца: паступова ці адразу”, — кажа аналітык Даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Эксперт не бярэцца зрабіць прагноз наконт аб’ёмаў дэвальвацыі. “У прынцыпе, і Міністэрства фінансаў, і Цэнтральны банк могуць паводзіць сябе настолькі жорстка, што беларуская эканоміка адчуе недахоп рублёў”, — працягвае Аляксандр Муха.

Па ацэнцы Даследчай групы BusinessForecast.by, насельніцтва Беларусі зараз мае каля 10 мільярдаў долараў: $4,7 млрд. у якасці банкаўскіх унёскаў і прыкладна $5,5 на руках. Гэта значыць, што людзі да дэвальвацыі падрыхтаваліся: перавялі ў валюту ўсе рублі, якія змаглі. Паралельна ў Беларусі назіраецца павелічэнне валютнай выручкі:

Аляксандр Муха: “У сакавіку 2011 года валютныя прыбыткі ад экспарту тавараў, паслуг і іншых аперацый склала 3 мільярда 974 мільёна долараў. Гэты паказчык з’яўляецца максімальным з дакрызіснага ліпеня 2008 года”.

Калі ў перапоўненай доларамі краіне стварыць дэфіцыт рублёў — беларуская нацыянальная валюта падмацуецца, і непазбежная дэвальвацыя не ўдарыць так балюча, як магла б. Хаця наступствы абясцэньвання рублю цалкам прадказальныя.

“Гэта пагоршыць узровень жыцця. Рублёвыя ўнёскі патаннеюць на 20-30%. Але на гэта трэба ісці. Бо не чакаць жа цудаў! Хіба гэта мае сэнс — узяць у Расіі чарговы крэдыт, і ізноў яго праесці?” — мяркуе былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

У сваю чаргу, Віктар Герашчанка — старшыня Цэнтрабанка Расіі ў 1992-1994 і ў 1998-2002 — пра маштабы магчымай дэвальвацыі ў Беларусі разважаць не бярэцца. Але ўпэўнены: яны залежаць ад адносінаў афіцыйнага Мінска з Крамлём:

Віктар Герашчанка: “У тым, як мусіць дзейнічаць ваш Нацыянальны банк, шмат што залежыць нават не ад нейкіх аб’ектыўных эканамічных фактараў, а ад спробаў, так бы мовіць, “паднаціснуць” з нашага, усходняга боку”.

Ад каментароў устрымліваюцца нават самыя адданыя прыхільнікі дэвальвацыі — эксперты Міжнароднага валютнага фонда, на якіх улады “спіхнулі” адказнасць за рашэнне аб 20%-ным патанненні рубля ў студзені 2009 года:

“Не будзем каментаваць зараз. Такі ў нас пакуль што фармат”, — кажуць у беларускім прадстаўніцтве МВФ.

Вадзім Іасуб, фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску лічыць, што замест дэвальвацыі Нацбанк мог бы папросту адмяніць калідор у 2% ад афіцыйнага курса долара, у якім амерыканскай валютай дазволена гандляваць  камерцыйным банкам. Пасля гэтага доллар для насельніцтва падаражэў бы да ўзроўню катыровак на міжбанкаўскім рынку, дзе за яго даюць каля 5000 “зайчыкаў”. Але падаражэў бы натуральным чынам — пад уплывам рыначных законаў.

Вадзім Іасуб: “Гэта, па-сутнасці, адзіны спосаб, каб валюта ў абменніках з’явілася. Але ці будзе так зроблена? Я падазраю, што ў бліжэйшым часе не. Больш за тое: ужо некалькі разоў было абвешчана, што ў ажыятажы на валютным рынку вінаватыя людзі. І складаецца такое ўражанне, што такім чынам караюць народ. Маўляў, вы стварылі ажыятаж — дык сядзіце цяпер без валюты!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі