The Toobes сыгралі "вечны" рок-н-рол, у тым ліку, і для самых маленькіх

У вельмі паслядоўны дзень 10.11.12 The Toobes адыгралі ў сталічным "Рэ:пабліку" вялікі сольны канцэрт. Пасля доўгага і ўпартага "акучвання" польскіх фестываляў музыкі вырашылі аддаць даніну роднай аўдыторыі. Па назіраннях Еўрарадыё, гэтая самая аўдыторыя за гэты час асабліва колькасна і якасна не змянілася. А пасля канцэрту The Toobes прызналіся, што нават ведаюць сваіх самых зацятых прыхільнікаў у твары і вельмі рады іх бачыць.

Меню вечара, у прынцыпе, было густоўным і без асаблівых неспадзяванак: лёгкі і абаяльны сэт ад сапарт-гурта CloverClub, тлусты рок-н-рольны гук, шчодрая порцыя драйву і шаленства і ў дадатак — добрае сцэнічнае святло ад The Toobes. Адзіным сюрпрызам стаў калектыўны барабанны сэт — усе трое ўдзельнікаў гурта пасядалі за спецыяльна прыпасеныя на сцэне ўстаноўкі і збарабанілі ўступ да сваёй песні “Fake”. Але “Тубсы” пакуль не раяць бубначам з Drum Ecstasy напружвацца і называюць усё гэта жартам.

Аднак, 10.11.12 у "Рэ:паблік" сцягнуліся не толькі юныя фанаты The Toobes, якія старанна слэміліся пад сцэнай, але і тыя, каго на канцэрт прывяла цікаўнасць ці сумневы. Апошнія, сярод якіх былі заўважаныя масцітыя і не вельмі беларускія рок-музыкі, у чарговы раз шчыра здзіўляліся, чаму такія маладыя хлопцы граюць такую старую музыку. Гэтае пытанне Еўрарадыё пераадрасавала The Toobes, на што тыя адказалі прыкладна наступнае: “Хай граюць дабстэп, і праз 5 гадоў іх не будзе!

Сярод тых, хто завітаў на выступ “Тубсаў” з цікавасці Еўрарадыё заўважыла Аляксея Кутузава, ён жа мінскі дыджэй I.F.U., які пасля таго, як атрымаў у Лондане прэстыжную адукацыю ў сферы шоўбізу, вярнуўся на радзіму і пачаў больш шчыльна цікавіцца гітарнай музыкай. Па меркаванні Аляксея, актуальнасць такога олдскульнага рок-н-ролу не меншая, чым у апошняй хвалі пост-панку, карані якога сядзяць у далёкіх 80-х:

“Такога кшталту музыка вечная, гэта ж проста рок-н-рол, я б нават сказаў — хард-рок-н-рол. The Toobes бяруць драйвам і энергетыкай. Як джаз, гэта будзе заўсёды актуальна. Я лічу, гэта галоўны рок-н-рол-гурт краіны. Насамрэч, а што новае? Цяпер пайшоў віток пост-панку, вельмі шмат гуртоў з’явілася, хаця, гэта музыка канца 70-х – 80-х гадоў. Тое самае з нью-вэйвам і астатнім — у музыцы ўсё жыццё была цыклічнасць, няма нічога новага, і пакуль не будзе. Калі б яны дадалі якую-небудзь флейту ці дуду, гэта б выглядала даволі дзіўна ў дадзеным кантэксце, хаця, было б навей, чым той стары рок-н-рол, які граў Джымі Хэндрыкс. Чувакі малайцы, і ім нічога новага не трэба — проста спяваць свае песні”.

Як у пацверджанне гэтага меркавання Еўрарадыё сустрэла ў зале, напэўна, самага маладога і, магчыма, самага заўзятага прыхільніка The Toobes 10-гадовага Макса. Макс распавёў, што, увогуле, вырас на Нірване, але нічога не заменіць яму старога-добрага рок-н-ролу:

“Адзіны рок-н-рол у горадзе, а то людзі падселі не нейкае абы-што, слухаць гэтую лухту і думаюць, што яны крутыя. А стары добры рок-н-рол мусіць быць проста несмяротным. Увогуле, я вырас на Нірване, мой брат слухаў. А пасля брат граў з Тубсамі і я умаляў узяць мяне з сабой”.

Такім чынам, робім вынік, што лепш расслабіцца і музыку The Toobes, як сапраўдны рок-н-рол, успрымаць на ўзроўні інтуіцыі, а не розуму. А час расставіць усё на свае месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі