Украінскія праваабаронцы рыхтуюцца да прыезду Лукашэнкі
Украінскія праваабаронцы хочуць высветліць, на якіх прынцыпах складаюцца беларускія спісы неўязных грамадзян.
Для гэтага яны маюць намер звярнуцца да Міністэрства замежных спраў Украіны і Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Ніны Карпачовай.
Так вядомы ўкраінскі праваабаронца і грамадскі дзеяч Уладзімір Чамярыс пракаментаваў высылку з Беларусі памочніка прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі, грамадзяніна Украіны Максіма Кіцюка і расійскага праваабаронцы Андрэя Юрава.
"Зараз наша задача — звярнуцца да адпаведных украінскіх дзеячаў, якія павінны былі б адказваць за гэта, у першую чаргу, да Міністэрства замежных спраў Украіны, да Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека, каб яны звярнуліся з адпаведнымі запытамі да сваіх візаві ў Беларусі з тым, якім чынам украінскіх грамадзян уключаюць у спісы і чаму яны не дапускаюцца на тэрыторыю Беларусі або дэпартуюцца. Я думаю, што для гэтага будзе вельмі нядрэнная нагода, калі сёлета ў красавіку Украіну наведае прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, у якога будуць сустрэчы з адпаведнымі украінскімі чыноўнікамі", — адзначыў Чамярыс.
Дарэчы, у бліжэйшыя 7-10 дзён плануецца распачаць ва Украіне і Расіі грамадскую кампанію супраць фарміравання ў Беларусі "чорных спісаў". Пра гэта 21 сакавіка паведамілі прадстаўнікі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, створанага няўрадавымі арганізацыямі краін АБСЕ. У прыватнасці, Камітэт заклікае ўсіх журналістаў, праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў і адвакатаў перад паездкамі ў Беларусь накіроўваць запыты на імя амбасадараў Беларусі ва Украіне і Расіі, каб атрымаць інфармацыю, ці не траіплі яны ў "чорны спіс". Адначасова Камітэт раіць накіроўваць аналагічныя запыты у міністэрствы замежных спраў Украіны і Расіі з просьбай дапамагчы ў атрыманні гэтай інфармацыі.