Вёску Паўлавічы спалілі пасля звароту ў Адміністрацыю Лукашэнкі?

На адмысловым брыфінгу, праведзеным пасля знішчэння вёскі Паўлавічы, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін урачыста паведаміў дзяржаўным журналістам, што ўсе жыхары вёскі яшчэ 20 гадоў таму атрымалі за свае дамы кватэры ў горадзе. А ў дадатак — кампенсацыі. Таму шум развялі дарэмна.

121206_pilecki_vioska.mp3

Жыхарка спаленых Паўлавічаў Алена Каравіна расказвае Еўрарадыё, што кватэру яе сям’я насамрэч атрымала. Але вось кампенсацыі дачакаліся толькі 5-6 жыхароў не самай маленькай вёскі.

“Узамен людзям давалі кватэры. Але некаму далі кватэры, якія не адпавядалі забраным дамам. Кампенсацыі з усёй вёскі, з гэтых 34 дамоў, атрымалі 5-6 чалавек”.

У тым далёкім 1992 годзе Паўлавічы цалкам так і не знішчылі. Грошай на пабудову анансаванай ЦЭЦ не знайшлося. Ацалела 10 дамоў, якія выкупілі ў дзяржавы… былыя жыхары. Адно што вярнуць участкі не атрымалася. Чыноўнікі заявілі, што дазволяць гэта зрабіць, калі людзі вернуць гораду атрыманыя кватэры.

Так Паўлавічы выглядалі перад спаленнем. У вёсцы было дзесяць дагледжаных дамоў.

Людзі ў Паўлавічах жылі ў неіснуючай вёсцы 20 гадоў больш-менш спакойна — да 1 снежня 2012 года, калі даведаліся, што іх маёмасць збіраюцца спаліць. На зборы было дадзена два дні. Іншая жыхарка Паўлавічаў, Алена Голубева, расказвае, што каштоўную нерухомасць уратаваць не ўдалося.

“З дома мы вывезлі тое, што нам было патрэбна. А вось з гаражамі не атрымалася. У нас былі там два вялікія цагляныя гаражы. Мы іх хацелі разабраць на цэглу, але нам не дазволілі гэтага зрабіць”.

Але самае цікавае пытанне — чаму віцебскія ўлады вырашылі настолькі аўральна расправіцца з вёскай, да якой не мелі прэтэнзій ажно 20 апошніх гадоў? Паводле афіцыйнай версіі, увесну тут пачнуць будаваць гарбарны завод. Але зусім побач з Паўлавічамі знаходзіцца малаказавод і мясакамбінат. Сумнеўна, што нехта дазволіць пабудаваць тут яшчэ і шкоднае хімічнае прадпрыемства. Таму частка жыхароў лічыць, што выгаднае размяшчэнне вёскі магло зацікавіць некага з мясцовых, альбо расійскіх бізнэсменаў, якія захацелі тут нешта пабудаваць.

А гэтак - падчас "карнай аперацыі" мясцовых уладаў.

Аднак найбольш верагоднай лічаць яшчэ адну версію. Алена Голубева мяркуе, што паскорылі працэс самі жыхары, калі напісалі пра сваю праблему ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

“Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Але я думаю, што такое хуткае знішчэнне вёскі звязанае з нашым зваротам у Адміністрацыю кіраўніка краіны. Мы прасілі разабрацца з сітуацыяй, з нашым пытаннем. На гэтай зямлі 20 гадоў нічога не будавалі, і мы прасілі ўчасткі нам выдзеліць для карыстання, каб усё легальна было”.

Цалкам верагодна, што ў Віцебскім гарвыканкаме нехта даведаўся пра ліст вяскоўцаў. І вырашыў сцерці Паўлавічы з мапы ў прамым сэнсе слова. Няма вёскі — няма праблемы. Тым больш што ў Віцебск хутка прыедзе сам Лукашэнка. Раптам пра вёску запытае.

Тут чытайце падрабязны аповед аб прыгодах жыхароў Паўлавічаў:

Жыхарка спаленай вёскі: Першы раз Паўлавічы знішчалі яшчэ ў 1992 годзе

“Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Але я думаю, што такое хуткае знішчэнне вёскі звязанае з нашым зваротам у Адміністрацыю кіраўніка краіны. Мы прасілі разабрацца з сітуацыяй, з нашым пытаннем. На гэтай зямлі 20 гадоў нічога не будавалі і мы прасілі ўчасткі нам выдзеліць для карыстання, каб усё легальна было”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі