Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні
Гэта адбылося 1 лютага. Раней яму было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя.
У канцы студзеня стала вядома, што палітыку пагоршылі ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі Магілёва №15. Пра гэта Бандарэнка паведаміў сваёй жонцы Вользе ў тэлефоннай размове 29 студзеня.
З 30 студзеня яму забаронена карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзе. Таксама яму не дазволены зручны мяккі абутак. Днём яму забаронена ляжаць — ён павінен выходзіць на праверку на пляц, хадзіць у шэрагу, інфармуе БелаПАН.
Зміцер Бандарэнка асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за падзеі 19 снежня 2010 года.