Сакратар Цэнтрвыбаркама: “Чым менш народу, тым больш кіслароду”

Днямі сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік абвінаваціў апазіцыйныя партыі ў тым, што адмаўляючыся ад удзелу ў надыходзячых парламенцкіх выбарах, яны адмаўляюцца ад галоўнай мэты свайго існавання – спробы прыйсці да ўлады. Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў аўтара выказвання, з якой нагоды ён клапаціцца пра тое, каб апазіцыя не здраджвала сваім прынцыпам і рабіла тое, што ёй належыць па статусе. Але, як прызнаўся Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама, у дадзеным выпадку ён выказваў сваё меркаванне наконт байкоту апазіцыяй выбараў як палітолаг. Што ж тычыцца пазіцыі Цэнтрвыбаркама, то для яго супрацоўнікаў, чым менш народу ўдзельнічае ў выбарах, тым лепш.

Мікалай Лазавік: “Я чыста з паліталагічнага пункту гледжання заявіў, што такое палітычная партыя, і для чаго яна ствараецца. А калі шчыра казаць, то для спрашчэння працы Цэнтрвыбаркама, калі менш народу – больш кіслароду. А то ўжо напісалі, што Цэнтрвыбаркам баіцца байкоту. Ды дзеля Бога, нічога мы не баімся! Мы ўжо не ў тым узросце, каб нечага баяцца, будзе байкот, не будзе байкоту. Для Цэнтрвыбаркама сістэма працы не зменіцца”.

Праўда, прызнаў, што для падняцця актыўнасці выбаршчыкаў, было б не дрэнна, каб у іх бралі ўдзел усе “суб’екты выбарчага працэсу”. І, такім чынам, стымулявалі людзей прыходзіць на выбары. А што тычыцца ўпэўненасці апазіцыі ў тым, што сапраўдных выбараў не будзе, адказаў у стылі “на сябе паглядзі”.

Мікалай Лазавік: “Кожны мяркуе па меры сваёй разбэшчанасці. Тое, што нейкая партыя, заяўляючы пра тое, што яна адстойвае нечыя інтарэсы, але потым байкатуе самую важную кампанію, дзе можна гэтыя інтарэсы агучыць і данесці да асноўнай масы насельніцтва, гаворыць пра тое, што гэта простая дэмагогія. Гэтыя лідэры не думаюць пра інтарэсы той часткі грамадства, інтарэсы якой яны дэкларатыўна адстойваюць, але нават і сваёй партыі. Яны адстойваюць свае асабістыя інтарэсы. Каб быць у вечнай апазіцыі, і на гэтым будаваць свой дабрабыт”.

Адказнасць за тое, ці патрапяць у спісы выбарчых камісій прадстаўнікі апазіцыі, сакратар Цэнтрвыбаркама пераклаў на “органы мясцовага самакіравання”. Маўляў, яны складаюць спісы з дастойных людзей. Але прагназаваць, ці знойдуць мясцовыя ўлады сярод апазіцыянераў такіх дастойных, не стаў. Кажа, гэта тое ж самае, што прагназаваць вынікі выбараў.

Мікалай Лазавік: “Гэта суб’ектыўнае права органаў мясцовай улады – фарміраваць выбарчыя камісіі. Будуць у апазіцыі людзі годныя, яны будуць уключаныя ў склад камісіі. Права ў іх ёсць такое, а як яно будзе рэалізавана, я прагназаваць не збіраюся. Таксама, як не збіраюся і прагназаваць вынікі выбараў”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч пацвердзіў Еўрарадыё, што яны, магчыма, адмовяцца ад удзелу ў выбарах. Па яго словах, яны напісалі ліст у Цэнтрвыбаркам з патрабаваннем зрабіць празрыстай працэдуру падліку галасоў выбаршчыкаў. Але з адказу за подпісам Лідзіі Ярмошынай даведаліся, што нешта змяняць у сваёй працы Цэнтрвыбаркам не збіраецца.

Станіслаў Шушкевіч:
“Мы падрыхтавалі спіс вылучэнцаў нашых, падрыхтавалі пасланне. Мы падрыхтаваныя да выбараў. Але калі будзе падлік па-старому, я не выключаю, што мы адмовімся ад удзелу ў іх. І не таму, што мы не змагаемся за ўладу, а таму, што мы не хочам біцца лбом аб сцяну, якую ўтварылі пры расійскай падтрымцы нашы лазавікі, ярмошыны ды іншыя людзі”.

На думку каардынатара “Еўрапейскай кааліцыі” Міколы Статкевіча, барацьба за месцы ў парламенце ідзе ўжо даўно – паміж рай- і аблвыканкамамі, іншымі афіцыйнымі структурамі. І кожнае прозвішча, нібыта зацвярджае асабіста прэзідэнт. Таму спадзяванняў на перамогу няма, але і адмаўляцца ад удзелу ў выбарах “еўрапейцы” не збіраюцца.

Мікола Статкевіч: “Казаць пра байкот – сарваць выбары немагчыма. Таму застаецца не ўдзельнічаць з самага іх пачатку. Другі варыянт – зрабіць выгляд, што выбары ёсць і ўдзельнічаць у іх, як быццам яны ёсць. І трэці – паспрабаваць падчас выбарчай кампаніі нешта зрабіць, разумеючы, што падліку галасоў не будзе. Трэцяе, гэта і ёсць пазіцыя “Еўрапейскай кааліцыі” – калі выбараў няма, вырашальнай робіцца платформа: з чым вы ідзяце да выбаршчыкаў? Гэту кампанію трэба проста выкарыстаць, каб кансалідаваць і аб’яднаць дэмакратычны еўрапейскі электарат, зрабіцца выразнікам яго інтарэсаў у ягоных вачах і атрымаць ад яго падтрымку. І гэта будзе каласальны крок наперад. 800 долараў на ўлёткі для кожнага кандыдата, 5 хвілін тэлебачання. Чаму б не скарыстацца?”

Як стала вядома Еўрарадыё не збіраюцца адмаўляцца ад удзелу ў выбарах ані АГП на чале з Анатолем Лябедзькам, ані Партыя БНФ. І толькі незарэгістраваны “Малады фронт”, па словах Змітра Дашкевіча, катэгарычна настроены на байкот.

Зміцер Дашкевіч: “Самая галоўная прычына, па якой мы байкатуем выбары звязаная з тым, што вынік выбарчай кампаніі ўжо загадзя вядомы. Ужо цяпер відавочна, што парламенцкія выбары гэта ёсць гульня аднаго акцёра, і ў гэтай гульні мы ўдзельнічаць не збіраемся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі