Саўмін падоўжыў забарону на ўвоз у Беларусь прадукцыі Nivea, Skoda і Liqui Molly
Амаль усе сусветныя аўтабрэнды сышлі з Беларусі пасля пачатку вайны, але ў Мінску вырашылі дадаткова "забараніць" Skoda / pixabay.com
Забарона на ўвоз у Беларусь прадукцыі брэндаў Beiersdorf (гандлёвая марка Nivea ), Skoda Auto і Liqui Moly падоўжаная яшчэ на паўгода. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў адпаведную пастанову Саўміна. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Нагадаем, забарона была ўведзеная ў красавіку 2021 года. Усе тры кампаніі былі спонсарамі чэмпіянату свету па хакеі, і адмовіліся фінансаваць спартыўную падзею, калі б яна прайшла ў 2021 годзе ў Мінску. Нагодай стала жорсткае падаўленне пратэстаў пасля выбараў 2020 года. З Мінска тады матчы ЧС перанеслі.
У пастанове ад красавіка 2021 года гаварылася, што ўвядзенне гэтых санкцый — гэта спроба абараніць нацыянальныя інтарэсы "з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.