Сепаратысты захапілі завод ва украінскім Краматорску
Ніякіх патрабаванняў захопнікі не высоўвалі.
У Краматорску Данецкай вобласці сепаратысты захапілі Новакраматорскі машынабудаўнічы завод. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік Цэнтру ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.
“Паводле аператыўных звестак групы “Інфармацыйны Супраціў”, экстрэмісты (сепаратысты) захапілі Новакраматорскі машынабудаўнічы завод. Паводле нашай інфармацыі, экстрэмісты прыбылі да заводу на двух аўтамабілях. На дадзены момант ніякіх патрабаванняў захопнікі не высоўвалі”, — напісаў Тымчук і адзначыў, што гэтае прадпрыемства з’яўляецца горадаўтваральным для Краматорска, найбуйнейшым у сферы цяжкога машынабудавання не толькі ва Украіне, але і адно з найбуйнейшых у свеце.
У прэс-службе заводу карэспандэнту УНІАН гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджаюць, спасылаючыся на тое, што сёння выходны дзень і супрацоўнікам прэс-службы, якія знаходзяцца дома, “пакуль ніхто нічога не паведамляў”.
Фота: REUTERS