Серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў збіраюцца пачаць у 2026-м

У Беларусі ствараюць шматпакутны электрамабіль

У Беларусі ствараюць шматпакутны электрамабіль / sb.by

Серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў збіраюцца пачаць не раней за 2026 год. Пра гэта ў эфіры тэлебачання заявіў намеснік дырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Бялевіч.

І гэта пры тым, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў студзені 2024-га загадаў пачаць серыйную вытворчасць ужо з 1 студзеня 2025 года. Але нешта пайшло не так. Спачатку ў студзені той жа Бялевіч паведаміў пра выпуск "доследна-прамысловай партыі" з пяці электрамабіляў. Праз некалькі дзён расказаў, што яны праходзяць тэхнічныя выпрабаванні і "атрымліваюць камерцыйную ацэнку". І вось нарэшце аб'явіў, што з серыйнай вытворчасцю пакуль нічога не атрымліваецца.

"Каб аўтамабіль выйшаў у серыю, трэба ўкласціся ў аснашчэнне, трэба крыху перабудаваць вытворчыя працэсы тых жа вытворцаў кампанентаў, а гэта вельмі няхуткія працэсы", — кажа Аляксандр Бялевіч. Паводле яго слоў, хутчэй за пачатак наступнага года не атрымаецца, бо "акрамя грошай, патрэбны час".

Каб айчынны электрамабіль быў канкурэнтаздольны, ён павінен каштаваць 25-30 тысяч долараў, мяркуе Бялевіч. У яго пакуль "няма ўпэўненасці, што атрымаецца зрабіць такую цану". 

Урад і Акадэмія навук ўжо шмат гадоў абяцаюць Лукашэнку айчынны электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Восенню 2023 года ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць. А летась з'явілася працоўная група для вывучэння дзейнасці НАН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.