Севярынец: Можам паставіць пытанне пра выключэнне руху "За свабоду" з БНБ

Выказванні Аляксандра Мілінкевіча на прэзентацыі перадвыбарчай праграмы выклікалі рэзкую рэакцыю паплечнікаў па Беларускім незалежніцкім блоку. У прыватнасці, абурыліся стваральнікі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Прэзентуючы 3 траўня свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, Мілінкевіч адзначыў, што ў БНБ ёсць сур'ёзныя дыскусіі. Па яго словах, БХД апошнім часам кажа, што Беларусі не трэба ісці ў Еўропу, бо там не вельмі добра з маральнымі каштоўнасцямі і што нам трэба быць нейтральнай краінай.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Павел Севярынец адзначыў, што гэтая заява не адпавядае праўдзе. Як заявіў Севярынец у каментары БелаПАН, далучэнне Беларусі да Еўрасаюзу ўваходзіць у праграму БХД. Акрамя таго, нядаўна БХД падала заяўку на ўступ у Еўрапейскую народную партыю.

Севярынец патрабуе, каб Мілінкевіч публічна абверг свае словы. У іншым разе рэакцыя аргкамітэту БХД можа быць больш жорсткай.

Павел Севярынец: "Мы можам паставіць пытанне пра выключэнне руху "За свабоду" з Беларускага незалежніцкага блоку".

На думку Севярынца, выказванне Мілінкевіча выклікана тым, што той баіцца прайграць праймерыз БНБ па выбарах адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Ад БНБ адзіным кандыдатам павінен ісці той, хто збярэ большую ініцыятыўную групу. Па словах Севярынца, аргкамітэт БХД у гэтым сэнсе мае большыя магчымасці, чым рух "За свабоду". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі