Шэсць новых серыялаў лета-2024, якіх лепш не прапускаць
Постэр серыяла "Асуджаныя на славу"
Лета — сезон не толькі адпачынкаў, але і парад разнастайных экранных атракцыёнаў. Прычым не толькі кінатэатральных, але і тэлевізійных. Другі сезон сур'ёзнага фэнтэзі "Дом дракона", чацвёрты — крывавай сатыры пра супергерояў "Пацаны", трэці — вытворчай камедыі пра кухараў "Мядзведзь".
Пералічваць можна яшчэ доўга, але вы гэтыя шоу напэўна самі ведаеце і гледзіце. Таму Еўрарадыё раскажа пра амбітных дэбютантаў — шэсць новых серыялаў, прэм'ера якіх ужо адбылася нядаўна ці вось-вось адбудзецца. Карацей, бярыце на заметку.
“Асуджаныя на славу” (Those About to Die)
18 ліпеня, Peackok
Аўтар фільмаў-катастроф "Дзень Незалежнасці" і "Паслязаўтра" Роланд Эмерых перанёс на малы экран дакументальную кнігу Дэніэла Мэнікса "Тыя, хто гатовы памерці" для платформы Peacock.
Дзеянне дарагога (на здымкі выдаткавалі 140 мільёнаў долараў) і маштабнага гістарычнага баевіка разгортваецца ў складаным і карумпаваным Старажытным Рыме, дзе гладыятарскія спаборніцтвы служаць забаўкай для масаў, даючы натоўпу тое, чаго яна прагне больш за ўсё: крыві і спорту.
Галоўнай зоркай шоу стане аскараносны акцёр Энтані Хопкінс, які грае састарэлага імператара Веспасіяна.
“Тэрмінатар Зэро” (Terminator Zero)
29 жніўня, Netflix
Пасля дзесяцігоддзяў няўдалых спробаў адрадзіць франшызу Джэймса Кэмерана на вялікім экране праваўладальнікі вырашылі перанесці гісторыю ў прастору японскай мэйнстрымнай анімацыі. Новы серыял, створаны сааўтарам сцэнарыя апошняга "Бэтмена" Матсанам Томлінам, расказвае пра Малькальма Лі — навукоўца, які распрацоўвае праграму штучнага інтэлекту для канкурэнцыі са "Скайнэтам".
Герой тут жа аказваецца мішэнню невядомага забойцы-тэрмінатара. Стваральнікі новага шоу абапіраюцца на ўсе папярэднія серыі "Тэрмінатара" як на канон, што безумоўна, вартае павагі, улічваючы, што ў перыпетыях чорт нагу зломіць.
Што да анімацыі, то ёю займалася легендарная японская студыя Production I. G., у паслужным спісе якой "Прывід у даспехах" і "Евангеліён".
“Прэзумпцыя невінаватасці” (Presumed Innocent)
12 чэрвеня, Apple TV+
Чарговая спроба зняць кіно паводле аднайменнай кнігі з пакручастым сюжэтам. У 1990 годзе выходзіў фільм, дзе галоўнага героя, пракурора Расці Сабіча, абвінавачанага ў забойстве сваёй каханкі і калегі, сыграў Харысан Форд.
У свежым мінісерыяле яго замяніў Джэйк Джыленхол. Акцёр грае ролю жанатага адваката, які пачынае паводзіць сябе вельмі падазрона пасля таго, як яго каханку знаходзяць мёртвай.
У новай адаптацыі кнігі Скота Тураў Джыленхол таксама выступіў прадзюсарам з Дэвідам Кэлі і Джэй Джэй Абрамсам. Мяркуючы з серый, якія ўжо выйшлі, атрымалася напружаная судовая драма, напоўненая псіхалагізмам, трывожнасцю і нетрывіяльнымі сюжэтнымі хадамі.
“Дама ў возеры” (Lady in the Lake)
19 ліпеня, Apple TV+
Наталі Портман і Моўсэс Інгрэм з "Ходу каралевы" і "Обі-Ван Кенобі" выконваюць галоўныя ролі ў мінісерыяле, заснаваным на аднайменным рамане Лоры Ліпман 2019 года.
Дзеянне адбываецца ў Балтымары 1960-х гадоў, дзе нераскрытае забойства натхняе хатнюю гаспадыню і маці Мэдзі Шварц (Портман) стаць журналісткай-расследавальніцай.
Гэта прыводзіць яе да сутыкнення з Клеа Джонсан (Інгрэм), працавітай чарнаскурай жанчынай, якая сумяшчае мацярынства, некалькі працаў і гарачую адданасць сваёй супольнасці.
“Фантазмы” (Fantasmas)
7 чэрвеня, HBO
Гэтая фантасмагарычная камедыя расказвае пра Хуліа Торэса — коміка-эмігранта, які шукае згубленую завушніцу ў выглядзе вустрыцы ў Нью-Ёрку. Торэс у праекце не толькі грае сам сябе, але і выступае сцэнарыстам, прадзюсарам і рэжысёрам.
Акрамя своеасаблівага гумару, пабудаванага хутчэй на эмоцыях, чым на логіцы, і дзікіх персанажаў "Фантазмы" гатовыя прапанаваць актуальную для многіх гісторыю эміграцыі — калі выжываць прыходзіцца ў не заўсёды прыязнай і ветлівай краіне.
“Мая лэдзі Джэйн” (My Lady Jane)
27 чэрвеня, Prime Video
Хоць "Брыджэртаны" падаюцца заканадаўцамі моды ў жанры касцюмаванай меладрамы, уладальнікі сэрвісу Prime Video спрабуюць ствараць ім канкурэнцыю з дапамогай шоу "Мая лэдзі Джэйн".
Натхнёны моладзевымі гістарычнымі раманамі Бродзі Эштан, Сінціі Хэнд і Джодзі Медоўз васьмісерыйны серыял расказвае пра альтэрнатыўную рэальнасць у каралеўскай гісторыі Англіі.
Тут "некаранаваная каралева" лэдзі Джэйн Грэй пазбягае пакарання і вядзе жыццё, поўнае весялосці, рамантыкі і прыгодаў, адначасна ратуючы каралеўства ад змоўшчыкаў. Ідэальная забава для дзяўчат, тым больш калі ўсе любімыя серыялы ўжо адгледжаныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.