Якія серыялы варта не прапусціць гэтай вясной

Шмат тэлешоў не бывае

Шмат тэлешоў не бывае / @rubanau_collage

Мінулагодні страйк галівудскіх сцэнарыстаў і акцёраў сёлета пакінуў гледачоў без россыпу гучных прэм’ер, якія перанесліся на пазнейшы тэрмін. А вось ад серыялаў няма адбою.

Еўрарадыё раіць свежыя і вартыя ўвагі шоу, выхад якіх ужо адбыўся ці вось-вось адбудзецца.   

“Рэжым” (“The Regime”)

З 3 сакавіка, Max

Трэйлер "Рэжыма" / Max

Пра што:

Саркастычны мінісерыял, які дазваляе паглядзець на паддывановую барацьбу за ўладу ў краіне пераможнага аўтарытарызму. Брытанка Кейт Уінслет (“Тытанік”, “Мейр з Істаўна”) грае сімпатычную дыктатарку цэнтральнаеўрапейскай краіны, у якой паступовае падцякае дах на глебе ўласнай паранойі і жадання ўсё кантраляваць.

“Джэнтльмены” (“The Gentlemen”)

З 7 сакавіка, Netflix

Трэйлер "Джэнтльменаў" / Netflix

Пра што:

Авантурная крымінальная камедыя пра сям’ю брытанскага герцага, які вырашае фінансавыя праблемы родавага маёнтка за кошт падтрымкі прыбытковай і таемнай фермы па гадаванні канопляў. Працяг аднайменнага паспяховага баевіка Гая Рычы 2019 года выйшаў у фармаце серыяла. Сюжэт і персанажы тут іншыя, але гумар і вайбы — самыя гайрычаўскія. Таму фанатам рэжысёра прапускаць не варта.

“Людзі Ікс’97” (“X-Men ’97”)

З 20 сакавіка, Disney+

Трэйлер "Людзей Ікс’97" / Disney+

Пра што:

Нечаканы працяг культавага супергеройскага мультсерыяла 90-х пра людзей-мутантаў з суперздольнасцямі. Каманда Людзей Ікс у крызісе: іх лідар, прафесар Ксаўе, нібы памёр, а новы лідар Скот Самерс (Цыклоп) адчувае цяжар ад новай ролі. Усё мяняецца, калі мутантаў узначальвае былы праціўнік — Магнета. Настальгічнае шоу для міленіялаў, якое прыйдзецца даспадобы і зумерам. 

“Праблема трох целаў” (“3 Body Problem”)

З 21 сакавіка, Netflix

Трэйлер "Праблемы трох целаў" / Netlix

Пра што:

Лёсавызначальнае рашэнне ў мааісцкім Кітаі 1960-х гадоў адбіваецца праз дзесяцігоддзі на групе сучасных навукоўцаў і стварае ўмовы для самай вялікай пагрозы чалавецтву. Стваральнікі “Гульні тронаў” Дэніэл Вайс і Дэвід Беніёф вяртаюцца з новым серыялам. “Праблема трох целаў” стала другой экранізацыяй аднайменнага кітайскага навукова-фантастычнага рамана і, мяркуючы з водгукаў прэсы, даволі паспяховай.

“Адступніца Нэля” (“Renegade Nell”)

З 29 сакавіка, Disney+

Трэйлер "Адступніцы Нэлі" / Disney+

Пра што:

Юная ўцякачка выпадкова атрымлівае нечуваную моц мага і выкарыстоўвае яе сабе на карысць, робячыся найлепшай разбойніцай у краіне. Тыповы казачны баявік для падлеткавай аўдыторыі, сцэнар якога напісала таленавітая сцэнарыстка Салі Уэйнрайт ("Шчаслівая даліна", "Джэнтльмен Джэк"). Аматарам гісторый пра гераінь з моцным характарам будзе даспадобы.

“Рыплі” (“Ripley”)

З 4 красавіка, Netflix

Трэйлер "Рыплі" / Netflix

Пра што:

Устрывожаны багацей наймае псіхапата-ашуканца Тома Рыплі, каб той з ЗША прыехаў у Італію і знайшоў там яго блуднага сына. Новая экранізацыя бэстсэлера Патрыцыі Хайсміт выходзіць на экраны, але ўжо не на вялікія, а малыя. Ірландскі акцёр Эндру Скот (Марыярці з “Шэрлака”) зноў грае вар’ята — таленавіта маньяка Томаса Рыплі, які пакажа гледачам, на што ён здольны, каб выжыць у краіне раскошы, багацця і прывілеяў.

“Шугар” (“Sugar”)

З 5 красавіка, Apple TV+

Трэйлер "Шугара" / Apple TV+

Пра што:

Загадкавы прыватны дэтэктыў змагаецца з асабістымі дэманамі, расследуючы знікненне любімай унучкі галівудскага прадзюсара. Колін Фарэл, яшчэ адна ірландская зорка, грае ў старамодным, але стылёвым амерыканскім дэтэктыве-нуары пра распусны свет лосанджэлескага бамонду. Пазнавальная, але цікавая інтрыга і глянцавая карцінка — і вуаля, шоу, на якое не сорамна выдаткаваць некалькі панылых вечароў.  

“Фалаўт” (“Fallout”)

З 12 красавіка, Amazon Prime Video

Трэйлер "Фалаўта" / Amazon Prime Video

Пра што:

Праз дзвесце гадоў пасля ядзернага апакаліпсісу разняволеныя насельнікі раскошных сховішчаў вымушаныя вярнуцца ў апраменены пякельны пейзаж, які пакінулі іх продкі, і з шокам адкрыць для сябе неймаверна складаны і нечаканы сусвет. 

“Фалаўт” — гэта спроба экранізаваць вельмі папулярную гульнявую франшызу пра апакаліптычны свет. Звычайна кінематаграфісты ламаюць аб гэта зубы, але можа стацца, што гэтае шоу чакае лёс The Last of Us, якое летась і крытыкі, і гледачы насілі на руках.

“Спачуваючы” (“The Sympathizer”)

З 14 красавіка, HBO

Трэйлер "Спачуваючага" / HBO

Пра што:

Бліжэй да канца вайны ў В'етнаме шпіён, якога ўкаранілі ў армію Паўднёвага В'етнама, уцякае ў Злучаныя Штаты і пасяляецца ў суполцы бежанцаў, дзе збірае разведданыя для В'етконга. Экранізацыя аднайменнага рамана В'ет Тхань Нгуена 2015 года з трэйлера выглядае энергічнай сумессю стыляў: часткова камедыя, часткова палітычны трылер, часткова драма пра эмігрантаў. Гісторыя ідэальна кладзецца на беларускі кантэкст — і з гэтым складана спрачацца. 

“Цёмная матэрыя” (“Dark Matter”)

З 8 траўня, Apple TV+

Трэйлер "Цёмнай матэрыі" / Apple TV+

Пра што:

Джэйсана Дэсэна выкрадаюць у альтэрнатыўную версію яго жыцця. Каб вярнуцца назад, мужчыну трэба адолець наймацнейшага ворага — самога сябе. Псіхалагічны трылер пра злых двайнікоў, якіх грае Джоэл Эджэртан, зняты каралём аўтарскіх фільмаў жахаў (“Падарунак” і “Яно прыходзіць ноччу”). Хорар, які нам усім дапаможа трохі выдыхнуць пасля жахаў рэчаіснасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі