Якія фільмы гэтай вясной варта паглядзяць беларусам. Еўрарадыё рэкамендуе

Відовішча на любы густ

Відовішча на любы густ / @rubanau_collage

Існуе два надзейныя спосабы схавацца ад дрэннай навінавай павесткі: з’ехаць на прыроду ці збегчы ў выдуманы сусвет кінамастацтва. Другі варыянт пакуль падаецца найбольш простым і надзейным. Нават з улікам, што праз вайну ў Беларусі цяпер амаль увесь кантэнт можна спажываць толькі пірацкім чынам. 

Еўрарадыё спраўдзіла графікі прэм’ер кінатэатральнага кантэнту і расказвае, што цікавага будзе на экранах гэтай вясной. 

“Кунг-фу панда 4” (“Kung Fu Panda 4”)

З 7 сакавіка

Трэйлер фільма / Universal Pictures

Пра што: 

Чарговая і, хутчэй за ўсё, цалкам не абавязковая частка мультыплікацыйнай франшызы пра панду з мянушкай По, якая валодае сіламі Ваяра Дракона. Гэтым разам пухнатаму По давядзецца спыніць зладзейку Хамелеоншу, якая можа капіяваць стыль кунг-фу кожнага байца Кітая.

“Курыныя ўцёкі: Світанак нагетсаў” (“Chicken Run: Dawn of the Nugget”)

З 23 сакавіка

Трэйлер мультфільма / Netflix

Пра што:

Зацягнуты на 23 гады працяг культавага пластылінавага мультфільма пра ўцёкі адважных курэй з фермы-канцлагера, які адзначыўся смачным брытанскім гумарам і культурнымі спасылкамі на класіку прыгодніцкага кіно. Новая праца ўжо не такая прарыўная і смешная, але як нагода прабавіць вечар цалкам добрая.

“Кнокс ідзе на спачынак” (“Knox Goes Away”)

З 28 сакавіка

Трэйлер фільма / Lionsgate Films

Пра што:

Сталы наёмны забойца Кнокс ратуе ад турмы і паліцыі свайго сына, паралельна змагаючыся з уласнай дэменцыяй. Тыповае B-movie з моцным кастам (Майкл Кітан з “Бэтмана” і Аль Пачына з "Хроснага бацькі") і крэпкай рэжысурай, якое не хапае зорак з нябёс. Усім, каму падабаецца канцэпцыя “баявы пенсіянер” тыпу “Закладніцы” ці  “Ніхто”, глядзець абавязкова. 

“Паляўнічыя на прывідаў: Ледзяная імперыя” (“Ghostbusters: Frozen Empire”)

З 28 сакавіка

Трэйлер фільма / Sony Pictures

Пра што:

Маладое і сталае пакаленні “паляўнічых на прывідаў” ратуюць Нью-Йорк ад чарговай небяспекі — старажытнага монстра, які хоча замарозіць планету. Працяг паспяховага перазапуску культавай камедыйнай франшызы сярэдзіны 80-х гадоў пра паляванне на монстраў з іншай рэчаіснасці. Гэтым разам галоўную ролю грае моладзь, а пенсіянеры Біл Мюрэй, Дэн Экрайд і Эрні Хадсан граюць ролю фанс-сэрвісу для больш дарослай аўдыторыі.

“Гадзіла і Конг: Новая імперыя” (“Godzilla x Kong: The New Empire”)

З 28 сакавіка

Трэйлер фільма / Warner Bros. Pictures

Пра што:

Гіганцкая агнядышная яшчарка і манструозны прымат сумесна ратуюць свет ад чарговай глабальнай пошасці. Другі фільм у медыяфраншызе “Monsterverse” студыі Legendery Pictures, дзе у адным кадры сыдуцца амерыканскі Кінг-Конг і японская Гадзіла. Яшчэ адно бессэнсоўнае, але вельмі прыгожае відовішча, якое варта глядзець на вялікім экране. 

“Я — капітан” (“Io capitano”)

з 28 сакавіка

Трэйлер фільма / Cohen Media Group

Пра што:

Два браты вырашаюць эміграваць з жабрацкага Сенегала ў заможную Еўропу, змагаючыся з выклікамі прыроды, рабаўладальнікамі і памежнай службай. Найбольш паспяховы ў фестывальным сэнсе фільм італьянскага аўтара Матэа Гаронэ пасля яго крымінальнай драмы пра мафіёзныя норавы “Гамора”. У кадры зноў моладзь і актуальныя праблемы — гэтым разам бежанства.

“Міністэрства неджэнтльменскіх спраў” (“The Ministry of Ungentlemanly Warfare”)

З 25 красавіка

Трэйлер фільма / Lionsgate Films

Пра што:

Групу адчайных брытанскіх галаварэзаў адпраўляюць на самагубную місію — знішчыць падводны флот Трэцяга Рэйха ў Атлантыцы. Папулярызатар брытанскай гоп-культуры Гай Рычы вяртаецца да жанру прыгодніцкага шпіёнскага баевіка пасля правалу з перазапускам “Агентаў А.Н.К.Л.”. У галоўнай ролі — зноў абаяльны качок Генры Кавіл (“Чалавек са сталі”), а ў якасці сцэнара — адаптацыя кнігі Дэміэна Л’юіса пра дыверсіі англічан падчас Другой сусветнай вайны.

“Каскадзёр” (“The Fall Guy”)

З 3 траўня

Трэйлер фільма / Universal Pictures

Пра што:

Прыгожы каскадзёр Колт з тварам акцёра Раяна Гослінга павінен дапамагчы свайму босу — рэжысёрцы Джодзі Марэна (Эмілі Блант) — зняць яе дэбютны дарагі фільм. Ды вось бяда — галоўнага акцёра фільма знайшлі мёртвым, і з гэтым трэба нешта рабіць. Сам былы каскадзёр, а цяпер паспяховы прадзюсар і рэжысёр Дэвід Літч зняў нарэшце свой фільм-мару — вытворчую камедыю пра прафесію, якая стварыла яму імя ў вялікім кіно. Трэйлер выглядае максімальна бадзёра.

“Калі” (“IF”)

З 16 траўня

Трэйлер фільма / Paramount Pictures

Пра што:

Дзяўчынка Беа пачынае ратаваць уяўных істот, якіх перасталі бачыць і кінулі дзеці, калі выраслі. Новы прадзюсарскі праект акцёра і рэжысёра Джона Красінскі (хорары “Ціхае месца” і “Ціхае месца 2”) з заходам на прыбытковую тэрыторыю відовішчнага сямейнага блокбастара. Адна бяда: праз глухі рускамоўны дубляж нельга будзе пачуць галасы галівудскіх зорак — Мэта Дэймана, Эмілі Блант, Сэма Рокуэла, — якія агучылі неверагодных стварэнняў.

“Каралеўства Планеты малпаў” (“Kingdom of the Planet of the Apes”)

З 23 траўня 

Трэйлер фільма / 20th Century Studios

Пра што:

Чацвёртая часціна перазагружанай у 2011 годзе фантастычнай франшызы “Планета малпаў”. Падзеі будуць адбывацца на Зямлі праз 300 год пасля падзей трылогіі. Разумныя малпы перайшлі да племянной аўтакратыі і пачалі паляваць на людзей, якія адчувальна здзічэлі за столькі часу, і падпарадкоўваць іх. 

“Фурыёса: Сага Звар’яцелага Макса” (“Furiosa: A Mad Max Saga”)

З 23 траўня

Трэйлер фільма / Warner Bros. Pictures

Пра што:

Аўстралійскі дызель-панк баявік пра маладосць грознай ваяўніцы Фурыёсы, галоўнай гераіні папярэдняга фільма "Звар’яцелы Макс: Дарога лютасці". Страшна ўявіць, але з моманту паспяховага перазапуску франшызы “Звар’яцелы Макс” прайшло ўжо дзевяць гадоў — і толькі цяпер Джордж Мілер зняў чарговы фільм, дзе галоўную гераіню грае ўжо Аня-Тэйлар Джой, а не Шарліз Тэран.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі