Шторкі ёсць... з трох бакоў: таемнае галасаванне ў Беларусі — у адкрытых кабінах
У беларускіх выбарах стане менш таямніцы / Еўрарадыё
Назіральнікі ў розных кутках Беларусі заўважылі, як сябры ўчастковых камісій... здымаюць шторкі з кабінак для галасавання. А як жа тое, што па Канстытуцыі галасаванне ў Беларусі — таемнае?
Адно з такіх паведамленняў прыйшло з Маладзечна. Еўрарадыё дазванілася да старшыні Маладзечанскай раённай камісіі Ірыны Нядзведскай:
— На кабінках на вашых участках праўда адсутнічаюць шторкі?
— Шторкі ёсць... з трох бакоў.
— А з чацвёртага што?
— А чацвёрты — адкрыты бок.
— Гэта значыць, будзе відаць, што ў кабінках адбываецца?
— Давайце я вам пакуль што нічога каментаваць не буду... Зразумейце, цяпер ідзе падрыхтоўка яшчэ ўчасткаў. Гатоўнасць іх будзе правярацца трэцяга чысла. Калі вас гэта цікавіць, вы мне трэцяга патэлефануйце.
Датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі стартуе 4 жніўня. Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў для абароны ад фальсіфікацый на выбарах карыстацца платформай "Голас". Да яе ўжо далучыліся 570 тысяч чалавек. Аўтары ініцыятывы прапануюць выбаршчыкам сфатаграфаваць запоўнены бюлетэнь — каб падлічыць альтэрнатыўныя вынікі выбараў.
Супраць ініцыятывы асцярожна выказалася кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Не, яна не можа забараніць фатаграфаваць бюлетэнь. Але звяртае ўвагу, што законам фотаздымка не прадугледжаная. І што гэта супярэчыць прынцыпу аб таямніцы волевыяўлення, прапісанаму ў Канстытуцыі.
Цяпер атрымліваецца, што фатаграфаваць бюлетэнь выбаршчыку давядзецца ў адкрытай кабінцы. Гэта наогул законна — глядзець, як галасуе выбаршчык? І вось якраз гэта не супярэчыць канстытуцыйнаму праву на таемнае галасаванне?
Палітолаг Юрый Чавусаў расказвае Еўрарадыё, што канкрэтных правілаў для афармлення кабінак для галасавання ў заканадаўстве няма:
"Выбарчы кодэкс гаворыць пра тое, што галасаванне павінна праходзіць таемна, а як гэта рэалізуецца — пытанне ўжо арганізацыі і афармлення ўчастка для галасавання. Гэта могуць быць не шторкі, гэта могуць быць кабінкі. Я бачыў, як у школе ставяць парту на парту — і людзі запаўняюць [бюлетэнь] у такой імправізаванай кабінцы. Шторкі — не абавязковая ўмова".
У зборніку метадычных матэрыялаў для ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ёсць пункт 3.2. "Абсталяванне памяшкання для галасавання". Патрабаванням да кабін для галасавання там аддадзены цэлы сказ:
"Для забеспячэння таемнага галасавання ўсталёўваюцца кабіны альбо адводзяцца спецыяльна абсталяваныя пакоі, якія абсталёўваюцца сталамі (падстаўкамі), сістэмай асвятлення (пры неабходнасці) і забяспечваюцца пісьмовымі прыладамі (за выключэннем алоўкаў)".
У Канстытуцыі Беларусі ёсць артыкул 68: "Галасаванне на выбарах з'яўляецца таемным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца". Але глядзець і кантраляваць — гэта розныя рэчы, гэта значыць фармальна адсутнасць чацвёртай шторкі не парушае асноўнага закона. Але прынцып таемнага галасавання павінен выконвацца — са шторкамі або без.
"Калі шторак няма, то як размешчана кабінка? Калі гэта зроблена так, што ўсе бачаць, хто як запаўняе [бюлетэнь], то гэта, напэўна, было б парушэннем выбарчага заканадаўства, — працягвае Юрый Чавусаў. — На месцы выбаршчыкаў, вядома, варта было б падаць скаргу".
Як паказвае практыка, апошняе слова на ўчастку — за старшынёй УВК. Менавіта ад яго залежыць, ці будзе выкарыстанне смартфона або фотаапарата на ўчастку прызнана парушэннем.
Пры адсутнасці шторкі з аднаго з чатырох бакоў кабінкі для галасавання заўважыць смартфон у руках у выбаршчыка будзе ў разы прасцей. Людзям, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве "Голас", варта псіхалагічна падрыхтавацца да таго, што бюлетэнь давядзецца фатаграфаваць на вачах у сяброў участковых камісій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.