Шуневіч прыехаў на плошчу Перамогі ў форме НКУС і на рарытэтным аўтамабілі
Міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч у чарговы раз з'явіўся на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню Перамогі, у форме афіцэра НКУС ("у форме супрацоўніка міліцыі ўзору 1944 года"). Як інфармуе прэс-служба МУС, 9 траўня на плошчу Перамогі ён прыехаў разам з жонкай і дачкой на рарытэтным аўтамабілі "ГАЗ-67Б". Яны ўсклалі кветкі да манумента Перамогі.
"Вялікая Перамога — свята са слязамі на вачах, — кажа міністр. — Але разам са смуткам — гэта і пачуццё гонару, мы білі ўсіх, хто прыходзіў да нас з мячом. Перакананы, што так будзе і ў далейшым".
Упершыню публічна Шуневіч апрануў форму НКУС на парадзе Перамогі ў Мінску ў 2015 годзе. "У гэтай форме мае папярэднікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў абаранялі Радзіму, паміралі, гінулі, здзяйснялі подзвігі. Гэта даніна павагі да іх, не больш", — сказаў тады міністр унутраных спраў.
Як вядома, НКУС асацыюецца з масавымі сталінскімі рэпрэсіямі, у якіх гэтая структура брала непасрэдны ўдзел.