Міністр Шуневіч: Я ганаруся тым, што маю форму НКУС

Міністр Шуневіч: Я ганаруся тым, што маю форму НКУС

Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч напярэдадні 100-годдзя беларускай міліцыі даў вялікае інтэрв’ю для газеты “Советская Белоруссия”. Адзін з эпізодаў тычыўся яго выхаду на парад 3 Ліпеня ў форме супрацоўніка НКУС. Кіраўнік сілавога ведамства заявіў, што надзявае гэтую форму кожны год 9 траўня, а яго жонка — агульнавайсковую форму часоў Вялікай Айчыннай.

“У гаражы МУС ёсць сапраўдны музейны экспанат — адноўлены аўтамабіль 1947 года выпуску. Пасля параду мы з жонкай сядаем у гэты “Віліс” і едзем па Мінску, аддаючы даніну павагі ўсім супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія ваявалі, гінулі ці былі знявечаныя вайной. У гэтай форме яны працавалі ў цяжкі пасляваенны час, змагаліся з ўзброенымі бандамі, абаранялі людзей ад крымінальнікаў і нацысцкіх недабіткаў. Таму я ганаруся тым, што ў мяне ёсць абсалютна дакладная копія гэтай формы”, — сказаў Шуневіч.

Ён сказаў, што форму яму пашылі па сапраўдных старых лякалах і нават гузікі для яе зробленыя на тым самым манетным двары, дзе і ў тыя гады.

“Больш за тое, у мяне ёсць і поўны камплект экіпіроўкі — пачынаючы ад афіцэрскага планшэта і заканчваючы компасам часоў вайны. Толькі боты — новадзел, затое з сапраўднай юхтовай скуры. Пры гэтым я не захапляюся ваеннай рэканструкцыяй, форму для сябе пашыў па ўнутраным імпульсе, за ўласны кошт. І якраз дзеля таго, пра што ўжо сказаў, — паказаць, што памяць пра людзей, якія калісьці насілі гэта абмундзіраванне, жывая і ўшанаваная па гэты дзень”, — сказаў міністр унутраных справаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі