Скандал у хакеі: кандыдаты на пасаду старшыні ФХРБ выказаліся пра зрыў выбараў
Пасля пераносу справаздачна-выбарнай канферэнцыі ФХРБ Еўрарадыё звязалася з дзейсным кіраўніком Яўгенам Ворсіным, а таксама кандыдатамі на яго пасаду.
У аўторак, 26 жніўня, павінны былі прайсці выбары на пасаду новага кіраўніка Федэрацыі хакея. Але падзея сарвалася. У пятніцу, 22 жніўня, ФХРБ афіцыйна паведаміла пра перанос справаздачна-выбарнай Канферэнцыі на пазнейшы тэрмін. Заява прагучала на фоне відавочнага расколу ў беларускім хакеі.
Днямі генеральны мэнэджар “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў папракнуў некаторыя клубы экстралігі ў тым, што яны перашкаджаюць развіццю яго клуба у КХЛ. А менавіта патрабуюць за кожнага перспектыўнага гульца, які пераходзіць у “Дынама” па 100 тысяч долараў. У адказ тры клубы экстралігі “Юнацтва”, “Нёман” і “Металург” выйшлі з перамоў. На іх бок стала і Федэрацыя хакея, якая патлумачыла, што галоўныя прэтэнзіі клубаў чэмпіянату Беларусі ў тым, каб гульцы, калі не падыдуць бела-блакітным, вярнуліся назад, а не гулялі ў дынамаўскіх фарм-клубах у экстралізе супраць сваіх жа каманд.
Супрацьстаянне перарасло ў сапраўдную інфармацыйную вайну.
Цікавімся ў яшчэ дзейнага кіраўніка ФХРБ Яўгена Ворсіна, чаму выбары былі нечакана перанесеныя.
“Гэта мы ўжо ў сябе будзем разбірацца, як мы аказаліся гатовыя — не гатовыя. Дайце нам спачатку самім абмеркаваць гэта ўсё”, ― асцярожна намякае Яўген Ворсін на магчымую негатоўнасць Федэрацыі да справаздачна-выбарчай канферэнцыі.
Еўрарадыё: “Вы былі як бы трэцім чалавекам падчас перамоваў “Дынама-Мінск” з клубамі чэмпіянату Беларусі. Ці сапраўды клубы патрабавалі ад прадстаўніка КХЛ па 100 тысяч долараў за хакеіста?”
Яўген Ворсін: “У перамовах былі не ўмовы, а абазначэнні, што гэтых гульцоў за такія грошы хацелі б прадаваць. Гэта перамоўны працэс, развагі, вывучэнні пунктаў гледжання. Не больш за тое, ― выказваецца дзейны кіраўнік ФХРБ. ― Людзі не патрабавалі грошай і пагадзіліся бясплатна аддаць гульцоў. Таму ўсё, што надумаў паважаны таварыш Беражкоў, няхай гэта застанецца на яго сумленні”.
Летась Уладзімір Беражкоў у інтэрв’ю Еўрарадыё казаў пра тое, што “беларускі хакей ― гэта наркаман” і прапаноўваў шэраг мер, як змяніць сітуацыю да лепшага. Сёлета былы рэдактар газеты “Прэсбол” стаў генеральным мэнэджарам “Дынама-Мінск” і, відаць, пачаў ажыццяўляць свае задумы. Таму Беражкоў падабаецца не кожнаму хакейнаму функцыянеру, які працуе даўно. У той жа час, гучыць крытыка, што развіваць “Дынама-Мінск” магчыма толькі з вялікімі стратамі ва ўнутраным беларускім чэмпіянаце, адкуль у склад бела-блакітных высмоктваюць найлепшых гульцоў.
Кандыдата на пасаду старшыні ФХРБ дэпутата Вадзіма Дзевятоўскага некаторыя лічаць прыхільнікам дынамаўскай лініі. А яго апанента на выбарах Анатоля Варывончыка — кандыдатам ад клубаў экстралігі. Сёння гэты знакавы для беларускага хакея спецыяліст займае пасаду старшыні праўлення ХК “Нёман”.
Цікавімся ў абодвух канкурэнтаў, чаму сарваліся выбары з іх удзелам.
Анатоль Варывончык паведаміў, што прачытаў навіну пра перанос Канферэнцыі на сайце ФХРБ і больш нічога не ведае.
Еўрарадыё: “Ці сапраўды ваш клуб запатрабаваў за пераход свайго хакеіста ў “Дынама” 100 тысяч долараў?”
Анатоль Варывончык: “Абмяркоўвалі тэму аб пераходзе Бадуна, Развадоўскага, Волкава і Елісеенкі у “Дынама-Мінск”. Дазволілі ім выступіць на Кубку латвійскай чыгункі. Пасля іх вяртання мы складзем дамову. Да 15 лістапада яны будуць таксама гуляць за “Дынама-Мінск” па двухбаковых кантрактах. І вось за гэты перыяд мы паглядзім, ці шмат часу яны праводзяць на пляцоўцы і ці падыходзяць клубу. Потым усе разам збяромся і будзем абмяркоўваць умовы пераходу”.
Еўрарадыё: “То бок канчатковая сума за пераход не вызначаная?”
Анатоль Варывончык: “Мы іх аддаём у дадзены момант, не патрабуючы грошай. Будзем усцешаныя, калі яны будуць гуляць у КХЛ і расці як гульцы. Існуюць розныя варыянты, наконт якіх можна сустракацца і размаўляць. Галоўнае, каб было імкненне да размовы”.
Вадзім Дзевятоўскі таксама не ведае пра прычыны пераносу выбарчай канферэнцыі.
“Не маю ніякага паняцця, што здарылася. Гэта адбылося на роўным месцы. Можна толькі здагадвацца, чаму зрабілі перанос. У гэтым можна знайсці нешта як мінімум падазронае. Магчыма, у мне ўбачылі сапраўды нейтральную асобу, сапраўды, чалавека, які нікуды не ўцягнуты. Складана сказаць, што адбываецца ўнутры Федэрацыі. Але ў апошнія дні мы бачым жорсткія спрэчкі, выстаўленні грубых абвінавачванняў. Усё гэта сведчыць пра нездаровую атмасферу. Людзі не могуць дамовіцца, і гэта пацвярджэнне таго, чаму да мяне звярнуліся”.
Еўрарадыё: І чаму менавіта?
Вадзім Дзевтоўскі: Патрэбны чалавек, які мог бы ўнесці фактар звязваючага звяна, аб’яднаць розныя бакі. Я не прыпісваю сябе да нейкіх кланаў. Я чалавек з дзяржаўнай пазіцыяй, якая заключаецца ў развіцці хакея ў Беларусі. У інтарэсах заўзятараў, а не ў інтарэсах спрэчак, якія не прыводзяць да добрага. Ёсць працоўныя моманты. Але калі гэта ўсё выкідваецца, прабачце за слэнг, у СМІ, то значыць, людзі пераследуюць нейкую суб’ектыўную мэту. Бо калі працаваць, кіруючыся аб’ектыўнасцю, то так не робіцца. Калі мне выкажуць давер, то я ўсё адно буду захоўваць аб’ектыўнасць.
Еўрарадыё: Кандыдатам на пасаду кіраўніка ФХРБ вас вылучыў клуб “Дынама-Мінск”. З гэтай прычыны выказваюцца здагадкі, што вы будзеце іх лабістам.
Вадзім Дзевятоўскі: Я з Наваполацка і вырас на традыцыях “Хіміка-СКА”. Якім чынам я, чалавек з глыбінкі, магу лабіраваць інтарэсы толькі аднаго клуба, з якім спрачаюцца прадстаўнікі экстралігі? Калі б такое здарылася, то я як мінімум здрадзіў бы інтарэсам роднага горада. Але ж стаўленне да “Дынама-Мінск” павінна быць асаблівым на фоне ўкладвання ў яго дзяржаўных грошай. Гэты клуб ― аблічча нашай краіны, флагман. А дзяржава ўкладвае туды грошы ў інтарэсах нацыянальнай зборнай. Я разглядаю пытанне пад такой прызмай. Пра перадузятае стаўленне і гаворкі быць не можа. Толькі аб’ектыўнасць, дыпламатыя і толькі праца на тое, каб з найменшай колькасцю скандалаў быў дасягнуты максімальны вынік, прымальны для ўсіх.
Еўрарадыё: Генеральны дырэктар “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў папракнуў некаторыя клубы экстралігі, што за пераход кожнага хакеіста ў склад бела-блакітных там просяць па 100 тысяч долараў. Па словах дынамаўскага боса, існуюць дакументы, паводле якіх сума за трансфер павінна складаць усяго каля 20 тысяч. Як вы да гэтага ставіцеся?
Вадзім Дзевятоўскі: Мы заўсёды кажам, што клубы павінны зарабляць. Трансфер ― гэта прамая і зразумелая магчымасць атрымаць грошы. Калі клуб вырошчвае хакеіста і хоча за яго адпаведнае ўзнагароджанне, то гэта нармальна. Але калі раней цану, блізкую да 20 тысяч, абмяркоўвалі, і існуе пагадненне, дзе яна агучваецца, то ўзнікае пытанне, навошта было прымаць дакумент, які сёння не ўсе могуць зразумець, прыняць і кіравацца ім. І тут акурат мог бы спатрэбіцца мой парламенцкі досвед. Закон павінен быць ясным, каб усе бакі разумелі яго адназначна і на 100% выконвалі.
Фота ladolcevita.by, hcneman.by і з сацыяльных сетак Вадзіма Дзевятоўскага