Стала вядома пра новы суд над журналістам Дзянісам Івашыным
Дзяніс Івашын / baj.by
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі. Пра гэта стала вядома маці журналіста Людміле Івашынай з адказу начальніка Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Родныя не ведалі, дзе знаходзіцца Дзяніс, таму адрасавалі запыт начальніку калоніі. Той адказаў, што "асуджаны Івашын Д.Я. пераведзены ў турму для далейшага адбыцця пакарання па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва". Давялося пісаць яшчэ адзін запыт, каб даведацца, у якую менавіта турму перавялі Дзяніса. Аказалася, у жодзінскую турму № 8.
"У цывілізаванай краіне вас бы, напэўна, здзівіла, што пра гэта ні сном ні духам не ведаў адвакат, які павінен быў бы яго абараняць падчас гэтага працэсу", — напісала на сваёй старонцы ў Facebook жонка Дзяніса Вольга Івашына. Але ў цяперашняй Беларусі, дзе "не да законаў", магчымае ўсё, што яны штодня і даказваюць".
Нагадаем, Дзяніса Івашына — карэспандэнта газеты "Новы час" — затрымалі ў сакавіку 2021 года. Першапачаткова яго абвінавацілі ва "ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" (арт. 365). Але на судзе ў абвінавачанні фігуравалі іншыя артыкулы: "Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці" (арт. 179 КК) і "Здрада дзяржаве" (арт. 356). У верасні 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста на 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф на 4800 рублёў. Суд быў закрытым. На прысуд была пададзеная апеляцыя, але Вярхоўны суд яе не задаволіў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.