Прад'яўлена абвінавачванне журналісту Дзянісу Івашыну
Дзяніс Івашын / facebook.com/denys.ivashyn
19 сакавіка журналісту Дзянісу Івашыну выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў).
"Сёньня усё ж Дзянісу высунулі свае выдуманыя абвінавачаньні шэрыя людзі без душы. Па-ранейшаму малююць 365 артыкул КК РБ, далей будзем глядзець, на што ім выдумкі хопіць, але спадзяемся, што мазгі там хоць у кагосьці засталіся, каб да такога не дадумацца", — напісала аб гэтым яго жонка Вольга.
Івашын з адвакатам напісалі скаргі на незаконнае затрыманне і ўзбуджэнне крымінальнай вытворчасці. Са слоў жонкі, Дзяніс адчувае сябе ўпэўнена і спакойна, збірае інфармацыю, дзякуе ўсім за падтрымку, супрацоўнічаць са следствам адмаўляецца.
Нагадаем, Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка ў яго дома ў Гродне. На кватэры ў Дзяніса і яго бацькоў прайшлі ператрусы. Журналіста пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання КДБ.
15 сакавіка МЗС Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў распаўсюдзілі паведамленне ў падтрымку журналіста:
"Мы заклікаем усе журналісцкія арганізацыі ў Еўропе мабілізавацца разам са сваімі ўрадамі, каб спыніць гэтыя шматлікія парушэнні правоў чалавека і неадкладна вызваліць 11 журналістаў, зняволеных у Беларусі", — заявіў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер-Б'ерэгард.
На хлопца завялі справу паводле артыкула 365 Крымінальнага кодэксу — "Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў". Перад гэтым журналіст апублікаваў сваё расследаванне аб службе былых украінскіх "беркутаўцаў" у органах МУС Беларусі.
Дзяніса Івашына ўзялі пад варту на 2 месяцы. Яму прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 365 КК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.