Першую намесніцу старшыні Мінгарвыканкама затрымлівалі, муж застаўся ў СІЗА — НН

Надзея Лазарэвіч

Надзея Лазарэвіч / РТР-Беларусь

Мужа першай намесніцы старшыні Мінгарвыканкама Надзеі Лазарэвіч арыштавалі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА. Саму яе таксама затрымлівалі, піша "Наша Ніва".

Мужа Лазарэвіч завуць Алег Сахно. Ён маладзейшы за жонку на чатыры гады. Разам яны жывуць з 2007 года, выхоўваюць дачку. Звесткі пра затрыманне Алега Сахно журналісты НН праверылі ў некалькіх яго былых калег.

Выданне мяркуе, што яго маглі затрымаць па карупцыйнай справе. У траўні 2023-га Сахно прызначылі начальнікам буйнога дзяржаўнага холдынгу "Белфармпрам",у якім аб'яднаныя восем фармацэўтычных прадпрыемстваў. На гэтай пасадзе ён пратрымаўся толькі год. А ўжо 12 чэрвеня 2024 года калектыву новым гендырэктарам стаў Ігар Мітрафанаў. Фота Сахно і яго намеснікаў з сайта холдынга зніклі. 19 чэрвеня 2024 года ён апошні раз быў анлайн.

Таксама НН піша, што ўлетку 2024-га ператрус адбыўся дома ў Лазарэвіч, а саму яе "ненадоўга забіралі". Пры гэтым з працы чыноўніцу не звольнілі — значыць, яе ні ў чым не абвінавацілі. На думку журналістаў выдання, жанчына правяла ў следчым ізалятары не больш за трое сутак. Невядома, з чым было звязанае затрыманне — са справай мужа ці з былымі месцамі працы Лазарэвіч.

Цяпер Надзеі Лазарэвіч 44 гады. Яна працавала начальніцай фінансавага ўпраўлення на Беларускім тэлебачанні. Потым — у кампаніі "Салеа" Аляксандра Шакуціна, а пасля гэтага займала пасаду гендырэктара "Бабруйскаграмаша".

У лютым 2022-га Лазарэвіч прызначылі намесніцай старшыні Мінгарвыканкама, а праз год — першай намесніцай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі