Актывістку руху "Маці-328" асудзілі на 15 сутак
Акрэсціна
15 сутак арышту прысудзілі мінскай актывістцы грамадзянскага руху "Маці-328" Марыне Уладыка, паведамляюць праваабаронцы MAYDAY. Цяпер жанчына знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Затрымалі яе зранку 7 траўня ў яе дома. Там жа адбыўся ператрус. Падставай для затрымання мог стаць рэпост публікацыі з рэсурсаў, прызнаных "экстрэмісцкімі", пішуць праваабаронцы.
У руху "Маці-328" Марына Уладыка каардынуе дапамогу сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў). Каля дзясятка вязняў, якія засталіся зусім без родных, маглі "атаварвацца" ў турэмнай краме толькі дзякуючы дапамозе актывістаў руху. У 2018 годзе Марына Уладыка была ў складзе галадаючых маці, якія дамагаліся сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Праваабаронцы мяркуюць, што актывістку арыштавалі ў якасці прэвентыўнай меры перад сходам руху, прызначаным на канец траўня пад Мінскам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.