Суд прызнаў дзевяць матэрыялаў сайта 1863x.com экстрэмісцкімі
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў дзевяць матэрыялаў на сайце 1863x.com экстрэмісцкімі. У гэтым суд пагадзіўся з пададзенымі яму высновамі экспертызы. Адвакатка збіраецца абскарджваць прысуд.
Як паведамляла Еўрарадыё, судовы працэс прайшоў сёння, 25 жніўня. Спярша абвяшчалася, што суд будзе адкрытым. Аднак потым прадстаўнік Следчага камітэта выступіў з хадайніцтвам правесці закрыты працэс. Па яго словах, на судзе будуць агалошвацца матэрыялы справы Эдуарда Пальчыса — адміністратара сайта. Гэта магло б аказаць уплыў на суд над ім.
Суд адзначыўся яшчэ і пратэстамі. Каля будынка суда з плакатамі ў падтрымку Пальчыса з'явіліся Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі. А на працэсе раздрукаваны на прынтары лозунг узняла Наталля Гарачка-Басалыга, сарваўшы пачатак суда.
Самога Пальчыса (вядомага як "Джон Сільвер") на суд не прывезлі. Яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка Ганна Бахціна. Пальчыс знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 Мінска — яго вінавацяць у распальванні нацыянальнай варажнечы і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.
Матэрыялы, якія суд прызнаў экстрэмісцкімі, на сайце 1863x.com ужо не адчыняюцца. Аднак некаторыя з іх былі перадрукаваныя на іншых сайтах — напрыклад, тэкст "Сапраўдны беларускі гімн".