Коратка і самае галоўнае пра справу Эдуарда Пальчыса

Коратка і самае галоўнае пра справу Эдуарда Пальчыса

25 жніўня пачынаецца працэс, непасрэдна звязаны з разглядам справы блогера і заснавальніка сайта 1863x.com.

 

Хто такі Эдуард Пальчыс?

Блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам John Silver, заснавальнік сайта 1863x.com. Даволі доўгі час яго сапраўднае імя заставалася невядомым. Аднак пасля раптоўнага арышту у Расіі імя Пальчыса было раскрытае.

Вядома, што Пальчыс нарадзіўся ў Лідзе, яму 25 гадоў, займаецца гісторыяй, жанаты. Не звязаны ні з адной палітычнай сілай альбо апазіцыйнай групоўкай. Пасля экстрадыцыі ў Беларусь Пальчыса змясцілі ў Жодзінскае СІЗА, ён адмовіўся ад паслуг адваката.

Цікавая гісторыя з арыштам Пальчыса ў Расіі. Яна заставалася незразумелай да афіцыйных заяваў беларускіх праваахоўных органаў. У выніку аказалася, што справа супраць Эдуарда Пальчыса была заведзеная значна раней за яго арышт зімой 2016 года на тэрыторыі Расіі. Па версіі праваахоўнікаў, гэта адбылося яшчэ ў 2015 годзе: тады Эдуард Пальчыс даў падпіску аб нявыездзе за межы краіны. Аднак праз нейкі час з'ехаў ва Украіну, адкуль накіраваўся ў Расію, дзе і быў затрыманы паліцыяй паводле запыту беларускага МУС.

Сам Пальчыс сцвярджае, што пасля завядзення супраць яго адразу дзвюх крымінальных спраў ён на некаторы час трапіў у псіхіятрычную лячэбніцу. Гэта паўплывала на яго рашэнне ўцячы з Беларусі.

 

У чым вінавацяць Пальчыса?

З гэтым справа крыху заблытаная. Пасля экстрадыцыі Пальчыса ў Беларусь Следчы камітэт паведаміў, што крымінальная справа ў дачыненні да яго распачатая паводле часткі 1 артыкула 130. Гэта распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні. А таксама часткі 2 артыкула 343 — распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў. Пры гэтым застаецца невядомым, у якіх менавіта публікацыях Эдуарда Пальчыса праваахоўнікі ўгледзелі распальванне варожасці і распаўсюд парнаграфіі. Імаверна, гэта мы даведаемся толькі падчас суда.

Коратка і самае галоўнае пра справу Эдуарда Пальчыса

Які суд пачынаецца сёння?

25 жніўня пачнецца разгляд справы аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. То бок гэты працэс непасрэдна папярэднічае працэсу над Эдуардам Пальчысам. Суд павінен быць адкрытым, хаця журналісты сумняваюцца, што на яго прывязуць самога Эдуарда.

 

Што гэта за сайт такі — 1863x.com

Пакуль яшчэ можна адкрыць і паглядзець — сайт працуе. Адно што апошняя публікацыя там датаваная студзенем 2016 года і акурат прысвечаная арышту Эдуарда Пальчыса. Піку папулярнасці сайт дасягнуў пад канец 2015 года. На ім сабраныя ў асноўным публіцыстычныя артыкулы на гістарычныя і каляпалітычныя тэмы, шмат матэрыялаў, прысвечаных палітыцы Крамля ў дачыненні да сваіх суседзяў. Відаць, найбольш папулярнай публікацыяй сайта стаў артыкул пад загалоўкам "Как Беларуская Православная Церковь готовит нас к "русскому миру". Пры гэтым нельга сказаць, што сайт 1863x.com меў масавую папулярнасць. Яго аўдыторыя абмяжоўвалася ангажаванымі ў агучаную тэматыку карыстальнікамі сацсетак.

Коратка і самае галоўнае пра справу Эдуарда Пальчыса

Што пагражае Пальчысу і які яго статус цяпер?

За "распальванне варожасці" — арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. За "распаўсюд парнаграфіі" — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў. На дадзены момант Эдуард Пальчыс мае статус абвінавачанага.

Праваабаронцы лічаць справу блогера палітызаванай і заклікаюць называць яго вязнем сумлення і палітзняволеным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі