Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем

Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса (вядомага як "John Silver") палітвязнем. Адпаведную заяву падпісалі зачынены ўладамі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Цэнтр прававой трансфармацыі, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць".

Пальчыса будуць судзіць 14 кастрычніка. Як стала вядома сёння ад яго жонкі Вікторыі Шчукевіч, працэс будзе закрыты. Пальчыса вінавацяць у распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні, а таксама ў распаўсюдзе парнаграфіі. Дзевяць артыкулаў на яго сайце 1863x.com былі прызнаныя ў судзе экстрэмісцкімі.

Праваабаронцы прааналізавалі матэрыялы справы Пальчыса і прыйшлі да высновы, што ў названых матэрыялах на сайце няма заклікаў да вайны, гвалту ці выступаў на карысць расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці. Гэтыя матэрыялы, на іх думку, не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ці здароўю і маральнасці насельніцтва. "Матэрыялы ўяўляюць сабой ні што іншае як меркаванні аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў  на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. На іх думку, гэтыя тэксты "з’яўляюцца дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання і, адпаведна, не могуць пераследавацца ў крымінальным парадку".

Згадалі праваабаронцы і парнаграфічную выяву, якая ілюстравала адзін з матэрыялаў на сайце 1863х.com. Па іх словах, гэта быў "недальнабачны крок" з боку Пальчыса. Аднак ён не павінны быць падставай для пазбаўлення волі, бо "Пальчыс не пераследаваў карыслівыя ці якія-небудзь іншыя гнюсныя мэты".

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць Эдуарда Пальчыса з-пад варты і спыніць крымінальную справу супраць яго па абвінавачанні ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні. Таксама яны патрабуюць забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з выкананнем усіх гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі