Сукала: Павышаную ўвагу да суда над Золатавай можна расцаніць як ўскосны ціск
Кіраўнік Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў пра ўскосны ціск на суд над галоўным рэдактарам партала TUT.by Марынай Золатавай. Менавіт так ён расцаніў павышаную ўвагу да гэтага судовага працэсу.
Заява Сукалы прагучала ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" увечары 25 лютага.
"Занадта павышаная грамадская ўвага да працэсу — прысутнасць дыпламатаў, рэпарцёраў — гэта замінае суду і аказвае на яго ўскосны ціск", — паведаміў Сукала. Па яго словах, суд прыме правільнае рашэнне, "але не трэба яму перашкаджаць".
Марына Золатава — адзіная абвінавачаная па "справе БЕЛТА", якую судзяць. Астатніх журналістаў, абвінавачаных у незаконным доступе да платнай падпіскі дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА, аштрафавалі і перакваліфікавалі іх справы з крымінальных у адміністрацыйныя. Золатаву вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы.
Сама галоўная рэдактарка TUT.by віну не прызнае. Пракурор папрасіла прызначыць ёй штраф у 25,5 тысячы рублёў (1000 базавых велічыняў).
Прысуд Золатавай абвесцяць 4 сакавіка.