Прысуд Марыне Золатавай будзе абвешчаны 4 сакавіка
Прысуд галоўрэду партала TUT.by Марыне Золатавай па "справе БЕЛТА" будзе абвешчаны 4 сакавіка.
25 лютага адбыліся судовыя спрэчкі, а таксама Золатава выступіла з апошнім словам. У сваім выступе яна, як і раней, паведаміла аб раскаянні ў тым, што, даведаўшыся аб адным супрацоўніку рэдакцыі, не прыняла рашучыя меры. Але Золатава дадала, што ніколі і нікому не загадвала выкарыстоўваць платны сэрвіс БЕЛТА.
Галоўрэд TUT.by падкрэсліла, што падпіска на БЕЛТА не дае ніякіх пераваг. На думку Золатавай, можна было б увогуле адмовіцца ад матэрыялаў БЕЛТА, калі б агенцтва не мела фактычнай манаполіі на інфармацыю ад дзяржорганаў. Пры гэтым на сайце БЕЛТА нярэдка публікуюцца адказы на пытанні, якія задаюць недзяржаўныя медыя.
Як паведамлялася раней, пракурор папрасіў аштрафаваць Золатаву на 25,5 тысячы рублёў (1000 базавых). Ні пазбаўлення, ні абмежаванне волі для Золатавай пракурор не папрасіў.