Сямашка: Беларусь не збіраецца экспартаваць электраэнергію са сваёй АЭС
Беларусь не спыніць АЭС, калі Еўропа забароніць купляць электраэнергію з яе. Беларускай АЭС цалкам разлічаная на ўнутраны рынак, заявіў 19 чэрвеня на выставе "Атамэкспа-2017" у Маскве намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка.
Супраць будаўніцтва АЭС каля Астраўца актыўна выступае Літва. Яна ўжо назвала Беларускую АЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы і заклікала суседнія дзяржавы не купляць электраэнергію ў Беларусі.
"Калі я чую пазіцыю некаторых нашых суседзяў, у прыватнасці літоўцаў, што яны збіраюцца заблакаваць пастаўку электраэнергіі з БелАЭС на экспарт у Еўропу, у мяне гэта выклікае ўсмешку", — прыводзіць tut.by словы Уладзіміра Сямашкі.
Чыноўнік заявіў, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС прымалася, калі ў краіне ішоў рост прамысловай вытворчасці. Дадатковая электраэнергія патрабавалася для таго, каб энергасістэма Беларусі пазбавілася крытычнай газавай залежнасці, а сабекошт вытворчасці стаў больш танным. Таму рэсурс станцыі разлічаны на ўнутраны рынак.
Сямашка дадаў, што за апошнія 15 гадоў у Беларусі на 8,2% вырасла прамысловая вытворчасць, на 3,4% — прадукцыйнасць у сельскай гаспадарцы. Разам з гэтым істотна ўзрасло спажыванне электраэнергіі. "Зараз мы выходзім з рэцэсіі ў эканоміцы і разлічваем, што вернемся да ранейшых тэмпаў росту. Таму АЭС будзе працаваць у нас ва ўнутранай энергасістэме", — патлумачыў віцэ-прэм'ер.
Але ад паставак лішкаў электраэнергіі на Захад Беларусь не адмаўляецца. Сямашка прапанаваў Польшчы ды іншым суседзям пры зацікаўленасці пабудаваць на мяжы стаўку пастаяннага току. Праз яе электраэнергія будзе ісці на экспарт.