Таццяна Караткевіч: Гэта былі недэмакратычныя выбары (відэа гутаркі)

Таццяна Караткевіч: Гэта былі недэмакратычныя выбары (відэа гутаркі)

Еўрарадыё: Вось лічбы экзіт-пола, паводле якога Таццяна Караткевіч атрымлівае 5,6% галасоў. Не аднаразова чулі ад членаў вашай каманды пра спадзяванне, атрымаць двухзначную лічбу. Ці ёсць расчараванне?

Караткевіч: Няма, гэтым дадзеным мы не давяраем. Сёння мы будзем давяраць толькі тым дадзеным, якія прывязуць назіральнікі. Мы будзем чакаць поўных вынікаў. Цяпер нам паступае інфармацыя з выбарчых участкаў, дзе ёсць нашы назіральнікі, сябры каманды, якія кажуць пра зусім іншыя лічбы падлікаў. Ёсць вялікая розніца паміж галасаваннем датэрміновым і сённяшнім. У Гродне за Караткевіч было 20%, у Магілёве — 15%.

Дзмітрыеў: Сёння можна ўжо можна казаць, што экзіт-полы рабіліся праўладнымі арганізацыямі. Толькі тры атрымалі магчымасць іх зрабіць. Безумоўна, ім нельга давяраць. Гэта частка прапагандысцкай кампаніі дзеля вынікаў, якія патрэбныя дзейснай ўладзе. Мне асабіста шкада, што ўся ўлада вырашыла пагуляцца на карысць аднаго чалавека, замест таго, каб даць магчымасць развівацца ўсёй краіне. Калі б падлічылі празрыста, гэта дало б шанец ісці наперад да рэформаў.

Еўрарадыё: Усю кампанію Ярмошына хваліла Таццяну, сёння Лукашэнка выказаўся, як ён быў рады мець саперніцу-жанчыну. Маглі б і болей даць.

Караткевіч: Давайце пачакаем яшчэ вынікаў галасавання. Хаця ў мяне няма спадзяванняў. Мы ішлі ў гэту кампанію з разуменнем, што мы не гуляем у гульні. Для нас вельмі важна, каб больш людзей даведалася пра нашу праграму і пра альтэрнатыву, каб як мага больш людзей аб'яднаць вакол ініцыятывы. Я думаю, што нам гэта сёння ўдалося. І што мы сёння пачулі ад Аляксандра Лукашэнкі: мы будзем пачынаць рэформы, для мяне гэта самае галоўнае. Наша задача зрабіць так, каб гэтыя рэформы былі на карысць людзей.

Еўрарадыё: Ёсць такая думка, што Таццяну спакусілі да ўдзелу, нешта паабяцаўшы. Андрэй, што за прыз ты паабяцаў?

Дзмітрыеў: Калі ў пачатку верасня незалежныя апытанні давалі Таццяне 17,8%, пачалі глядзець, хто гэтыя людзі, то ўбачылі што ўпершыню ў Беларусі апазіцыйнага дэмакратычнага кандыдата пачалі падтрымліваць людзі, якія раней гэтага не рабілі. Нам удалося пашырыць электаральную базу. Мы ад пачатку разумелі, што хоча ад гэтай кампаніі ўлада. Яна паказвае гэта сваімі лічбамі. У нас было пытанне, як скарыстаць выбарчы марафон, які скончыцца на парламенцкіх выбарах, каб стварыць у Беларусі фундамент для мірных пераменаў, істотна пашырыць колькасць людзей, якія падтрымліваюць дэмакратычныя рашэнні.

Еўрарадыё: Яшчэ адзін вынік вашай кампаніі, што, ці з вашай ці не з вашай дапамогай, перасварылі ўсю апазіцыю. На вашу думку, якая ў яе будучыня?

Караткевіч: Мы ні з кім не сварыліся. У нас ёсць стратэгія, мы будзем яе прытрымлівацца. Няхай гэтыя палітыкі самі вырашаюць, што ім рабіць. Самае галоўнае, каб яны працавалі з людзьмі. І не спрабавалі апраўдаць свае промахі праз крытыку іншых.

Еўрарадыё: Таццяна, вы сустракаліся з людзьмі, вы бачылі, ці цікавяцца людзі тым, што адбываецца ўнутры апазіцыі?

Караткевіч: Не, зразумела. Сёння нават на катку я сустрэла маладую пару і яны кажуць: “Вось, пра Вас тут такое пішуць. Мы не вельмі давяраем гэтым дадзеным. А дайце, калі ласка, кантакт, як уступіць у Вашу арганізацыю”. Я хачу сказаць, што толькі адзінкі цікавяцца гэтымі сваркамі. Давайце падкрэслім той факт, што з красавіка я не размаўляла з Уладзімірам Някляевым, ці, напрыклад, я ўвогуле не знаёмая асабіста з Мікалаем Статкевічам. Ён не ведае, што я за чалавек, але чамусьці мае права называць мяне здрадніцай. Гэта не па-чалавечы і гэта не кажа пра высокі ўзровень палітычнай культуры.

Еўрарадыё: Ёсць тэза, што кампанія “Гавары праўду” разлічвае атрымаць пару месцаў на парламенцкіх выбарах 2016-га. Але гэта вельмі слабая пазіцыя. Лукашэнка наўрад ці пойдзе на такі варыянт кіраванай дэмакратыі. Вы ўсё ж такі верыце, што атрымаецца ў цалкам ручным парламенце дапусціць некалькі альтэрнатыўных прадстаўнікоў?

Караткевіч: У мяне ілюзій на гэты конт няма. Самае галоўнае, каб у краіне пачаліся перамены, былі бачныя перспектывы. Людзі пачнуць вяртацца ў Беларусь, пачнецца палітычнае жыццё, з'явяцца новыя лідары, маладыя. Тады я буду лічыць, што мы дамагліся мэтаў — стварылі новую прастору, для палітычнай і грамадскай актыўнасці.

Дзмітрыеў: Гэта мара часткі палітыкаў і экспертаў, наконт таго, што кагосьці прапусцяць у парламент. Яна актуальная для тых, хто думае ў межах 1990-х. Мы ўсё ж такі людзі з іншага пакалення. Самае страшнае для цяперашняй улады, каб унутры сістэмы з'явілася альтэрнатыўнае меркаванне. Таму наш поспех будзе вымярацца не месцамі ў парламенце. Сёння поспех вымяраецца сапраўднай падтрымкай грамадства.

Еўрарадыё: Шмат якія апазіцыянеры паўдзельнічалі толькі ў адной гонцы, акрамя Гайдукевіча. Дзе гарантыя таго, што вы па розных прычынах не сыдзіце з палітыкі.

Караткевіч: Памятаеце, 2010 год скончыўся. Скончыліся выбары. І казалі, вось гэтыя “Гавары праўду!” скончаць сваё існаванне. Вось прайшло 5 гадоў, “Гавары праўду!” з’яўляецца зноў у палітычнай кампаніі, паспяхова прадстаўляе свайго кандыдата. Цяпер нам кажуць, што Таццяна Караткевіч знікне. Мы не знікаем таму, што мы працуем з людзьмі, таму, што гэтыя камунікацыі пастаянныя. Мы адчуваем настроі людзей і зразумела, што ім сёння патрэбныя нармальныя палітыкі. Бо апошняя нота ўсіх маіх сустрэч акурат пра тое: “Таццяна Караткевіч — заставайцеся з намі”. Людзі хочуць чуць альтэрнатыўны пункт гледжання. Яны хочуць, каб іх голас нехта ўзмацняў. Гэта тое, што мне падабаецца рабіць. Я вельмі матываваная ў гэтым. Таму, зразумела, застанемся.

Еўрарадыё: Не сакрэт, што нават гэтую кампанію вы правялі за капейкі. За што далей жыць? За што ўтрымліваць структуры? За што праводзіць сустрэчы з людзьмі?

Караткевіч: Будзем далей працаваць з людзьмі. У 2010 годзе людзі не ведалі, што такое пікет. А ў гэтым годзе, яны ўжо самі шукалі, дзе гэтыя пікеты. Нам удалося сфармаваць патрэбу ўдзельнічаць у палітычным жыцці. Падчас гэтай кампаніі дзяржава не давала грошай на агітацыю, і нам прыйшлося збіраць іх самім, актыўна займацца рэкламай рахунка кандыдата, запрашаць, актыўнічаць. І былі такія людзі, вось, маю прыклад, маладога чалавека, які перавёў адразу 50 мільёнаў на мой рахунак. Мы сфармавалі гэтую патрэбу і будзем звяртацца далей па падтрымку. Бо як і палітыкамі трэба быць не раз на пяць гадоў, так і грамадзянамі трэба быць не раз на пяць гадоў, а пастаянна.

Дзмітрыеў: Цяпер падтрымка ад грамадства — відавочная мэта. Праз месяц будуць вынікі незалежнага апытання. Мы даведаемся, колькі дакладна прагаласавала за Таццяну Караткевіч. Упэўнены, што гэта будзе даволі вялікая лічба. І цяпер наша мэта, каб праз 5 гадоў мы пачыналі не з нуля, а з такога рубяжа, які дазваляе казаць пра перамогу, які дазваляе атрымаць падтрымку большасці, і мы на гэта будзем працаваць.

Еўрарадыё: Напярэдадні дня галасавання вас абвінавачвалі, што вы гатовыя прыняць пасаду ў міністэрстве.

Караткевіч: Я не збіраюся шукаць новую працу. А калі будзе прапанова, разгледзім. Я камандны чалавек, калі будзе прапанова, рашэнне будзе прымацца, зыходзячы з нашых мэтаў. Прыходзяць людзі і просяць пагадзіцца, але ілюзій я не маю з гэтай нагоды. Ці зможа Лукашэнка трымаць так блізка такога чалавека, як я, калі ён нават на выбарах не трымае ўмоваў блізкай канкурэнцыі.

Еўрарадыё: Як вы назавяце гэтыя выбары?

Караткевіч: Чакаем вынікаў назіранняў. Яны не былі роўнымі для ўсіх кандыдатаў. Не былі роўнымі ўмовы ў СМІ. Не былі ў полі роўнымі ўмовы. Уся краіна не была такой ліберальнай, як Мінск. Гэта былі празрыста недэмакратычныя выбары. Мы не працавалі на легітымізацыю рэжыму, а працавалі на тое, што патрэбныя перамены, але з уладай яны немагчымыя. Мы зараз як мага хутчэй мусім паставіць коску, разабраць палёты, напісаць скаргу. І будзем рабіць наступны крок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі