Траіх беларускіх лёгкаатлетак не дапусцілі да Алімпіяды
Траіх беларускіх лёгкаатлетак не дапусцілі да Алімпіяды. Пра гэта паведамляе Незалежны лёгкаатлетычны орган па барацьбе з негатыўнымі з'явамі (Athletics Integrity Unit). Прычынай называецца невыкананне аднаго з пунктаў антыдопінгавых правіл. У перыяд, калі не праводзяцца спаборніцтвы, спартсмены павінны прайсці тры допінг-тэста з інтэрвалам не менш за тры тыдні на працягу 10 месяцаў. Інакш атлет не атрымае права прадстаўляць сваю краіну і на Алімпійскіх Гульнях, і на Алімпіядзе.
Агулам не дапушчана да Гульняў у Токіа 20 лёгкаатлетаў. Акрамя трох беларусаў, гэта трое ўкраінцаў, 10 прадстаўнікоў Нігерыі, 2 — Кеніі, па адным спартсмене з Эфіопіі і Марока. Прозвішчы спартсменаў не называюцца.
Якраз 28 ліпеня стала вядома, што ў Токіа не выступіць лёгкаатлетка, скакуха ў вышыню Марыя Жодзік. Відавочна, што яна са згаданага спісу, паколькі прычынай называлася недастатковая колькасць допінг-тэстаў за сезон. Пазней сталі вядомыя і іншыя прозвішчы — Ганна Міхайлава і Крысціна Мулярчык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.