"Трактар" — "Дынама": 2:0. Адну з шайбаў закінуў экс-дынамавец Нік Бэйлен
Фота: hcdinamo.by
25 снежня ў Чалябінску мясцовы "Трактар" прымаў "Дынама-Мінск" ў матчы Кантынентальнай хакейнай лігі. Гульня скончылася з лікам 2:0 на карысць гаспадароў. На 13-й хвіліне вызначыўся экс-дынамавец Нік Бэйлен, а ў самым канцы сустрэчы — калі галкіпер мінчан Юнас Энрат пакінуў вароты — надзеі дынамаўцаў на авертайм пахаваў Лінус Відэль.
Мінулая сустрэча каманд прайшла ў Мінску на пачатку верасня. Тады "Дынама" атрымала буйную перамогу: 3:0.
У чатырох матчах выязной серыі "зубры" набралі 5 ачкоў. Мінская каманда па-ранейшаму не ўваходзіць у васьмёрку мацнейшых клубаў КХЛ, якія прымуць удзел у плэй-оф пасля заканчэння рэгулярнага чэмпіянату.
Наступны матч "Дынама-Мінск" правядзе 29 снежня на "Мінск-Арэне" супраць СКА з Санкт-Пецярбурга.